Logo Polskiego Radia
Print

«Візавая лібэралізацыя? Захаваем здаровы пэсымізм»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.11.2017 20:04
  • Візавая лібэралізацыя Захаваем здаровы пэсымізм.mp3
Ці спраўдзяцца абяцаньні Ўладзімера Макея зрабіць шэнгенскія візы таньнейшымі ўсяго праз два гады?
Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Уладзімер Макей паабяцаў у Брусэлі на працягу двух гадоў падпісаць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра пляны будаваць у Беларусі электрамабілі, а таксама падпісаў указ аб спрашчэньні дзейнасьці малых і сярэдніх фірмаў. Такімі былі асноўныя палітычныя падзеі апошніх 7 дзён. Ці спраўдзяцца абяцаньні таньнейшых візаў і спадзяваньні на рост прыватнага сэктару эканомікі? Пра гэта ў «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко й палітоляг Максім Руст.

Дамова з ЭЗ – магчыма, таньнейшыя візы – хутчэй не

24 лістапада ў Брусэлі прайшоў саміт Усходняга партнэрства, у якім прыняла ўдзел дэлегацыя Беларусі. Праўда, на сустрэчу з лідарамі Эўразьвязу паехаў не Аляксандар Лукашэнка, а Ўладзімер Макей. Шэф беларускай дыпляматыі пераконваў, што Менск у бліжэйшыя два гады падпіша доўгачаканую дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму, а таксама падрыхтуе дамову аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Эўрапейскім зьвязам. Ці стрымае Ўладзімер Макей слова?

Максім Руст: Пытаньне ўдзелу ці няўдзелу Лукашэнкі ў саміце – абсалютна другаснае, паколькі ўзровень прадстаўніцтва ня меў бы аніякага значэньня ані на ход саміту, ані на яго вынікі. У гэтых дзьвюх узгаданых Макеем галінах Беларусь зьяўляецца краінай-аўтсайдэрам на фоне ўсіх шасьці ўдзельнікаў праграмы. Базавая дамова мае большыя шанцы быць падпісанай – Беларусь і ЭЗ разьвіваюць свае адносіны на падставе дакумэнтаў, якім больш за 20 гадоў, і яны проста не адпавядаюць геапалітычнай рэчаіснасьці. Што тычыцца візавай лібэралізацыі, то ў гэтай галіне трэба захаваць здаровы пэсымізм. Беларускі бок неаднаразова заяўляў пра гатоўнасьць да візавай лібэралізацыі з ЭЗ, але справа звычайна завяршалася на словах. Натуральна, вырашэньне гэтых пытаньняў залежыць ня толькі ад кіраўніка МЗС. Паглядзім, у Беларусі ёсьць два гады. Толькі два гады – гэта вельмі кароткі тэрмін.

«Дэкрэт – гэта тэорыя. Практыка важнейшая»

23 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Гэты дакумэнт увёў паведамляльны парадак рэгістрацыі для прадстаўнікоў малога бізнэсу. Акрамя таго, Палата прадстаўнікоў праняла папраўкі ў працэсуальны ды адміністрацыйны кодэксы, якія скарачаюць колькасьць штрафаў, а канфіскацыю робяць выключнай мерай. Ці гэтыя заканадаўчыя зьмены прывядуць да пазытыўных зрухаў у эканоміцы? Ці малы і сярэдні бізнэс пачне ствараць больш працоўных месцаў?

Максім Руст: Само падпісаньне дэкрэту гэта ўжо вельмі пазытыўны сыгнал. Натуральна, калі дэкрэт пачне сапраўды працаваць, то значна палепшыцца сытуацыя малога й сярэдняга бізнэсу, а гэта прывядзе да росту колькасьці працоўных месцаў. Але трэба памятаць, што дэкрэт – гэта тэорыя, і яго жыцьцяздольнасьць будзе залежаць толькі й выключна ад практыкі яго прымяненьня. А мы ведаем, што ў Беларусі тэорыя й практыка вядзеньня бізнэсу – гэта дзьве розныя рэчы. Напрыклад, можна ўзгадаць лёс Дырэктывы №4, якую прынялі сем гадоў таму. Таксама застаецца пытаньнем: ці дэкрэт сапраўды прынялі для таго, каб палепшыць эканамічную дынаміку ў Беларусі, ці толькі для таго, каб паказаць замежным інвэстарам і крэдыторам, што краіна пачынае праводзіць эканамічныя рэформы?

Спачатку трэба навучыцца рабіць тэлевізары, а ўжо пазьней – электрамабілі

Пакуль Уладзімер Макей размаўляў у Брусэлі з Ангелай Мэркель і міністрамі замежных справаў Вугоршчыны ды Нідэрляндаў, Аляксандар Лукашэнка наведваў Буда-Кашалёва. «Беларусам трэба вырабляць электрамабілі. Я разьлічваю на кітайцаў. І спэцыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук ужо сур'ёзна працуюць над гэтым аўтамабілем» – заявіў Лукашэнка журналістам. Наколькі высокія шанцы таго, што ў Беларусі будуць вырабляць электрамабілі?

Максім Руст: Я б вельмі хацеў, каб у Беларусі сапраўды пачалі вырабляць электрамабілі, але пэрспэктывы такога сцэнару зараз знаходзяцца ў сфэры эканамічнай фантастыкі. Можна сказаць адно: спачатку трэба навучыцца вырабляць прывабныя для спажыўца чайнікі й тэлевізары, а пасьля брацца за электрамабілі. Таксама паўстае пытаньне, ці гэта спроба павярнуць беларускую эканамічную мадэль у бок высокатэхналягічнай прамысловасьці, ці толькі асабістая зацікаўленасьць адной асобы супэрсучаснай замежнай цацкай. Але калі ня самі электрамабілі, то я лічу, што, напрыклад, софт і дэвайсы да іх Беларусь без праблемы асіліць. Для гэтага ў нашага ІТ-сэктару сапраўды ёсьць патэнцыял.

Масавых арыштаў ня будзе, але праўкраінскіх актывістаў могуць дапытаць

26 лістапада Першы канал беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня заявіў, што падчас вобшуку ў кватэры падазраванага ў шпіянажы карэспандэнта Ўкраінскага радыё Паўла Шаройкі нібыта былі знойдзеныя 16 псэўданімаў удзельнікаў створанай ім агентурнай сеткі. Ці ператворыцца справа Шаройкі ў новую «Справу патрыётаў»? Ці пачнуцца затрыманьні й допыты людзей, якія сымпатызуюць Украіне?

Максім Руст: Ад самага пачатку новага шпіёнскага скандалу мінула вельмі мала часу, каб сказаць нешта канкрэтнае. Я думаю, у новую «Справу патрыётаў» гэтая справа не ператворыцца, але і магчымасьцю допытаў праўкраінскіх (чытай – прадэмакратычных) грамадзян беларускія службы не пагрэбуюць. У дадзены момант я б шукаў больш палітычных матываў, напрыклад, гэта мог быць рэвэранс беларускага боку Маскве. Таксама ўвагі заслугоўвае думка часткі беларускіх і ўкраінскіх аналітыкаў пра магчымасьць таго, што гэты скандал быў мэтанакіраванай апэрацыяй расійскіх спэцслужбаў.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт