Палякі знайшлі каштоўную карціну, якая прапала падчас вайны
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.11.2017 15:34
Твор мастацтва «ўсплыў» на вядомым аўкцыёне «Сотбіс» у Вялікабрытаніі.
"Танец сярод мячоў" Генрык Семірадзкіcommons.wikimedia.org/By Henryk Siemiradzki - anagoria, Domena publiczna
У аўторак дзякуючы рэакцыі Міністэрства культуры Польшчы ў лёнданскім аўкцыённым доме «Сотбіс» быў адменены продаж карціны «Танец сярод мячоў» Генрыка Семірадзкага. Неафіцыйна стала вядома, што карціну затрымала ангельская пракуратура, паведамляе Gazeta Polska Codziennie. І хаця працэс вяртаньня Польшчы творы можа зацягнуцца на доўгі час, то трэба сказаць, што гэта вялікі посьпех. Польская пракуратура ўзбудзіла сьледзтва па справе аб вывазе карціны з Польшчы.
«Танец сярод мячоў» быў знойдзены дзякуючы назіраньню за рынкам твораў мастацтва, які праводзіць Аддзяленьне па пытаньнях ваенных страт разам з Фондам Communi Hereditate. Вядома, што карціна была паказаная ў Нацыянальнай галерэі «Zachęta» ў Варшаве напярэдадні пачатку Другой сусьветнай вайны й была ўласнасьцю Анны Шрэттэровай. Восеньню нямецкія акупацыйныя ўлады яе канфіскавалі.
Аўкцыённы дом «Сотбіс» тлумачыў, што цяперашні ўладальнік атрымаў карціну Семірадзкага ў спадчыну ад сваіх бацькоў, якія купілі яе ў 60-тыя гады ў Польшчы. Сям’я ў 1973 годзе выехала з Польшчы ў ФРГ. Аднак цяперашні ўладальнік ня мае ніякіх дакумэнтаў на тое, каб пацьвердзіць свае словы.
Паводле «Сотбіс», цана карціны Семірадзкага складае 80-120 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
Польшча будзе старацца атрымаць назад твор мастацтва, які прапаў падчас вайны.
яс