Logo Polskiego Radia
Print

Палякі вяртаюць памяць пра герояў, якія ратавалі габрэяў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.11.2017 14:32
1170 палякаў ратавалі падчас вайны габрэяў і за гэта былі забітыя немцамі.
PAP/Tytus Żmijewski

Як мы ўжо паведамлялі, у Торуні адбылася міжнародная канфэрэнцыя «Памяць і надзея», прысьвечаная дзейнасьці палякаў па ратаваньні габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны. На сайце «Fronda.pl» падрабязнасьці падзеі.

У канфэрэнцыі прынялі ўдзел высокапастаўленыя польскія палітыкі: прэм’ер-міністар Бэата Шыдла (на здымку), міністры ўраду, парлямэнтары, а таксама прадстаўнікі ўраду Ізраіля, дэпутаты ізраільскага парлямэнту, габрэйскія духоўныя – як з Польшчы, так і іншых эўрапейскіх краін.

Капліца памяці, у якой прайшла сустрэча, зьяўляецца часткаю новага храму. Там можна знайсьці выкаваныя ў чорным мармуры прозьвішчы 1170 палякаў, якія ратавалі габрэяў і за гэта былі забітыя немцамі. Сьпіс быў створаны ў выніку дасьледаваньняў, праведзеных Інстытутам Яна Паўла ІІ, пры падтрымцы ўраду Бэаты Шыдла і міністэрства замежных спраў. Яшчэ нядаўна зусім не было ніякіх гістарычных працаў на дадзеную тэму. Яны пачаліся толькі тады, калі быў створаны Музэй сям’і Ульмаў у Маркавай, прысьвечаны сям’і, якую немцы расстралялі за дапамогу габрэям. Загінулі бацькі і сямёра дзяцей, у тым ліку адно дзіця ва ўлоньні маці.

Папярэдні польскі ўрад адмаўляў дапамогі ў арганізацыі такіх прадпрыемстваў, не аказваў ніякай падтрымкі. Тым ня менш, ксёндз Тадэвуш Рыдзык вырашыў працягваць працу.

Пошукам польскіх герояў пачала цікавіцца амбасада Ізраіля, храм наведаў старшыня Фундацыі «From The Depts» Джоні Даніэльс. Ён быў зьдзіўлены размахам пошукаў і маштабам ахвяраў сярод польскага насельніцтва (Польшча была адзінай краінай у Эўропе, дзе за дапамогу габрэям пагражала сьмерць як таму, хто аказваў дапамогу, так і ўсёй ягонай сям’і). Даніэльс вырашыў паведаміць пра дасьледаваньні таксама ў Ізраілі.

Fronda.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт