У Расеі шырацца сацыяльныя пратэсты
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
08.11.2017 14:22
Колькасьць пратэстаў вырасла на 60%, але ўлады і праўладныя левыя партыі гэтыя сыгналы ігнаруюць.
Дэманстрацыя з нагоды 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве. PAP/EPA/SERGEI CHIRIKOV
У стогадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі пашыраюцца сацыяльныя пратэсты – піша газэта Rzeczpospolita. У параўнаньні зь першым кварталам гэтага году колькасьць пратэстаў вырасла на 60%, прычым 70% зь іх былі выкліканыя сацыяльнымі прычынамі. Такія дадзеныя апублікаваў расейскі Цэнтар эканамічных і палітычных рэформаў.
У пратэстную статыстыку, якую вядзе дасьледчы цэнтар, уваходзяць розныя віды грамадзкай незадаволенасьці – ад пікетаў падманутых укладчыкаў да забастовак на заводах і мітынгаў расейскай апазыцыі. Лідарамі па колькасьці пратэстных акацыяў сталі Навасібірская й Омская вобласьці, Масква, Пецярбург, а таксама поўдзень Расеі – Краснадар і Растоў.
Большая частка пратэстаў зьвязаная з затрымкамі заробкаў. На думку экспэртаў Цэнтру эканамічных і палітычных рэформаў, асноўную адказнасьць за сацыяльную напружанасьць нясуць губэрнатары, бо ў рэгіянальных бюджэтах заканчваюцца грошы на сацыяльныя мэты.
Пратэсты на прадпрыемствах і ў дзяржустановах адбываюцца без удзелу палітычных партыяў. У стагодзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі расейскія камуністы выводзяць людзей толькі на дазволеныя Крамлём мітынгі. Так было ў гэты аўторак у Маскве. Актывісты кампартыі маршыравалі па расейскай сталіцы з транспарантамі «Ўся ўлада – саветам!» і не ўзгадалі нават словам цяжкую сацыяльную сытуацыю.
Актывістаў жа леварадыкальнай моладзі, якія спрабавалі аранізаваць уласнае шэсьце з нагоды юбілею Кастрычніка, разагнала паліцыя – піша Rzeczpospolita.
Rzeczpospolita/ап