Сыноптыкі перасьцерагаюць, што ў бліжэйшыя дні вецер у Польшчы можа дасягаць неверагоднай моцы – нават 180 кілямэтраў у гадзіну. Ураган «Гжэгаж» прыйшоў у краіну з паўночнага захаду, і на гэтым тыдні пройдзе праз усю дзяржаву. А якраз у гэты пэрыяд палякі масава наведваюць магілы сваіх блізкіх на могілках. Улады імкнуцца прадухіліць трагедыі і закрываюць доступ да некаторых могілак.
Ураган «Гжэгаж» (Рыгор) у мінулыя выходныя забіў у Польшчы двух чалавек. Гэта кіроўцы, машыны якіх сутыкнуліся з паваленым дрэвам або выпалі з праязной часткі з-за рухнуўшага дрэва. Паліцыя перасьцерагае людзей, якія зьбіраюцца ў падарожжа, наведваць магілы сваіх блізкіх, каб яны былі вельмі асьцярожнымі на дарогах, а падчас моцных парываў ветру скінулі хуткасьць аўтамабіля.
Паводле прагнозаў, моцныя і парывістыя ветры пакуль што не зьбіраюцца пакідаць Польшчу. Сіла ветру даходзіць да ста кілямэтраў у гадзіну, а на ўзьбярэжжы і ў гарах яна яшчэ большая. Самую вялікую шкоду ўраган наносіць сетцы ліній электраперадач. У нядзелю пасьля поўдня звыш 300 тыс. дамоў, пераважна ў паўночнай частцы Польшчы, было пазбаўлена энэргазабесьпячэньня. Пры нізкай тэмпэратуры, а дзе-нідзе яна ўпадзе ніжэй нуля, адсутнасьць абагрэву можа выклікаць сур’ёзныя праблемы.
Сытуацыі была прысьвечаная адмысловая нарада з удзелам прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла, міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Блашчака, ваяводамі і камэндантамі пажарнай аховы. Прэм’ер заявіла, што яна атрымала даклады ад сямі ваяводаў і камэндантаў, з якіх вынікае, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем.
Б. Шыдла: У некаторых ваяводзтвах ужо пачалася ліквідацыя наступстваў урагану. У іншых месцах сытуацыя яшчэ не стабілізавалася, таму службы чакаюць разьвіцьця падзей і стараюцца прадухіліць небясьпечныя здарэньні. Стыхія найбольш шкоды нанесла ў паўночнай частцы краіны. У некаторых месцах сытуацыя яшчэ нестабільная, але ў большасьці рэгіёнаў надвор’е стабільнае.
Мінулыя выходныя былі вельмі напружаныя для пажарнай службы ў Сілезіі, на поўдні Польшчы. Пажарнікі выяжджалі па выкліках 1200 разоў. Двое пажарнікаў было паранена. Зафіксавана каля 80 выпадкаў падтопленых вадой будынкаў, ураганны вецер сарваў амаль 90 дахаў з дамоў. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар сілескай пажарнай аховы Анэта Галэнбеўска.
А. Галэнбеўска: Вецер поўнасьцю сарваў два дахі ў адным з паветаў. Адзін чалавек быў паранены ў горадзе Катавіцэ, калі на машыну ўпала дрэва. Агулам ва ўсіх акцыях, зьвязаных з ураганным ветрам, удзельнічала каля 7 тыс. пажарнікаў дзяржаўнай пажарнай аховы і добраахвотнай пажарнай аховы.
1 лістапада палякі масава наведваюць магілы сваіх блізкіх, многія выяжджаюць у далёкі шлях, каб прыбраць магілу, запаліць сьвечку, паставіць кветкі. Службы правапарадку перасьцерагаюць, што на могілках, асабліва старых, дзе расьце шмат высокіх дрэваў, можа быць небясьпечна. Таксама ў некаторыя лясныя масівы лепш не ўваходзіць. Гэта ня самы добры час на прагулку па лесе, – кажа прэс-сакратар Рэгіянальнай дырэкцыі дзяржаўных лясоў у Ольштыне Адам Петшак.
А. Петшак: Пры такім надвор’і, як цяпер, калі дзьме вельмі моцны вецер, мы заклікаем адмовіцца ад наведваньня лясоў. Праўда, лясьнічыя стараюцца своечасова ліквідаваць небясьпечныя дрэвы ўздоўж лясных шляхоў і сьцяжынак. Тым ня менш, гэта прырода, стыхія, мы ня можам усяго прадбачыць. Можа здарыцца трагедыя. Лес – гэта не гарадзкі парк, і таму нельга абвінавачваць адміністратара тэрыторыі, калі здарыцца нешчасьлівы выпадак.
Польскі ўраган «Гжэгаж» – гэта вынік цыклёну «Рыгор», які наведаў у мінулыя выходныя паўночную Эўропу, у прыватнасьці, Нямеччыну ды Чэхію. Ураганны вецер у многіх месцах пазрываў лініі электраперадач, да небясьпечнага ўзроўню ўзьнялася вада ў некаторых рэках. Нямецкая чыгунка затрымала рух цягнікоў у многіх ландах, у Растоку прыпынены рух паромаў.
У Польшчы ўраган «Гжэгаж» пакуль што не выклікае такіх вялікіх шкод, як ураган «Ксавэры» (Ксаўе) на пачатку кастрычніка. Але «Гжэгаж» застанецца ў Польшчы даўжэй, а разам з ім назіраюцца нізкая тэмпэратура і праліўныя дажджы, расьце небясьпека паводкі, асабліва ў паўднёвай ды паўночнай частках дзяржавы.
ПР/нг