Logo Polskiego Radia
Print

«Лукашэнку падрыхтавалі ссабойку ў Брусэль»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.10.2017 02:23
  • «Лукашэнку падрыхтавалі ссабойку ў Брусэль».mp3
Зьмены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» уводзяць, каб задобрыць Захад; лягчэй праводзіць мітынгі ня стане – кажуць экспэрты.
Пратэсты супраць Дэкрэту № 3 ў Бабруйску. Кадр з відэатрансьляцыі газэты "Наша Ніва". Сакавік 2017 г. Пратэсты супраць Дэкрэту № 3 ў Бабруйску. Кадр з відэатрансьляцыі газэты "Наша Ніва". Сакавік 2017 г. YouTube/screen/nn.by

Беларускія ўлады падрыхтавалі зьмены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах». Як заявіў міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, будзе ўведзены «частковы» заяўляльны прынцып арганізацыі мітынгаў. Для мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў спэцыяльна вызначаных месцах, дазвол мясцовых уладаў ня будзе патрэбны. Новыя правілы ня зробяць працэс арганізацыі мітынгаў больш дэмакратычным і могуць ускладніць працу журналістаў – камэнтуюць папраўкі ў закон беларускія экспэрты.

Надыходзіць «жорсткая лібэралізацыя» Закону «Аб масавых мерапрыемствах» – пажартаваў міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, прадстаўляючы новую рэдакцыю закону перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. На думку міністра, беларускае заканадаўства па правядзеньні мітынгаў і шэсьцяў будзе набліжана да эўрапейскіх нормаў.

25 кастрычніка Палата Прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах». Згодна зь імі арганізатарам ня трэба будзе атрымліваць дазволу на правядзеньне мітынгу ў месцах, якія ўлады вызначылі як сталыя месцы правядзеньня масавых сходаў. Калі ж нехта хоча правесьці акцыю ў іншай лякалізацыі – па-ранейшаму павінен будзе пытаць дазвол у мясцовай адміністрацыі.

Папраўкі ў закон абавяжуць журналістаў насіць добра бачныя распазнавальныя знакі й мець пры сабе журналісцкае пасьведчаньне альбо акрэдытацыю. Акрамя таго, СМІ пад пагрозай кары забароняць паведамляць пра заплянаваныя акцыі, на якія ўлады яшчэ не далі дазволу.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім спадзяецца, што беларускім уладам сапраўды ўдасца зрабіць крок да заяўляльнага прынцыпу правядзеньня мітынгаў. З яе меркаваньнем, аднак, не пагаджаецца палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

У дэмакратычных краінах можна маніфэставаць дзе заўгодна, папярэдзіўшы за некалькі дзён мэрыю. Новыя беларускія нормы толькі імітуюць заяўляльны парадак правядзеньня мітынгаў – кажа экспэрт. Маніфэставаць дазволена ў малалюдных аддаленых месцах – напрыклад, у сумнавядомым парку Дружбы народаў ля менскай плошчы Бангалёр. Па-другое, улады па-ранейшаму маюць мноства магчымасьцяў, каб забараніць любую акцыю – кажа Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Папраўкі ў закон дазваляюць праводзіць масавыя мерапрыемствы толькі на аддаленых і нязручных пляцоўках. Па-другое, яны датычаць толькі статычных мерапрыемстваў: стоячы на адным месцы, можна правесьці толькі мітынг. Для шэсьця гэты варыянт ужо не падыходзіць. Ну і нарэшце, новы «паведамляльны» парадак па-сутнасьці не адрозьніваецца ад ранейшага. Па-ранейшаму трэба пісаць заяўку, адпавядаць цэламу шэрагу патрабаваньняў, плаціць за прыборку, міліцыю і хутку. Па-ранейшаму чыноўнікі могуць знайсьці нейкую зачэпку і лёгка забараніць любое мерапрыемства.

Сумневы выклікаюць і новыя нормы, якія рэгулююць працу СМІ. Алена Анісім спадзяецца, што патрабаваньне да журналістаў абазначаць сябе абароніць іх ад затрыманьняў і зьбіцьця праваахоўнікамі.

Алена Анісім: Я прыхільніца таго, каб журналісты былі абазначаныя. Гэта абароніць іх ад зьбіцьця й затрыманьняў. Знойдзена форма іх абазначэньня, пра гэта паінфармаваныя сілавыя структуры, спадзяюся, што журналісты змогуць выконваць сваю працу бясьпечна. Галоўнае, каб гэты мэханізм сапраўды працаваў, а журналістаў не прыцягвалі да адказнасьці на падставе адсутнасьці якіх-небудзь знакаў.

Аднак Аляксандар Класкоўскі заўважае, што новыя нормы ставяць па-за законам блёгераў і журналістаў тэлеканалу «Белсат», якія не атрымалі акрэдытацыю ад уладаў.

Аляксандар Класкоўскі: Здаецца, лёгіка высакародная. Маўляў, начапіце знак, каб ахоўнік правапарадку выпадкова не зачапіў вас дручком. Насамрэч патрабаваньне мець пры сабе адпаведныя дакумэнты, у тым ліку акрэдытацыю, адразу ставіць па-за законам фрылансэрэў, журналістаў «Белсату», якія ня маюць акрэдытацыі ад беларускага МЗС. Гэты пункт закону – гэта рэха веснавых пратэстаў, якія асьвятлялі незалежныя журналісты і блёгеры. Ім проста скажуць: «Вы парушаеце закон аб масавых мерапрыемствах» і будуць «прэсаваць» па поўнай.

Чаму беларускія ўлады вырашылі ўнесьці папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах»? Лібэралізацыі заканадаўства патрабуе Эўрапейскі зьвяз, каб працягваць супрацоўніцтва зь Менскам – лічыць Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Законапраект – гэта спроба беларускіх уладаў прадэманстраваць, што тут адбываецца нібыта нейкая лібэралізацыя. Магчыма, гэтыя зьмены ў закон – своеасаблівая «ссабойка» Аляксандру Лукашэнку, які ў лістападзе паляціць на саміт Усходняга партнэрства ў Брусэль.

Падобнага меркаваньня прытрымліваецца й палітоляг Алесь Лагвінец. Зьмены ў закон выкліканыя зьнешнепалітычнымі прычынамі, а не жаданьнем уладаў весьці дыялёг з грамадзтвам.

Алесь Лагвінец: Калісьці за велізарны прагрэс у дэмакратызацыі выдаваліся зьмены ў Выбарчы кодэкс, змены ў закон аб свабодзе сумленьня, зьмены ў закон аб СМІ. Усё гэта прадстаўлялася Захаду як крок наперад. Аднак прырода рэжыму не зьмянілася. Ключавыя пазыцыі займаюць тыя ж адыёзныя людзі – асабліва ў сілавых структурах. Практыка нават гэтага году паказвае, што ніякага жаданьня весьці дыялёг з грамадзтвам па пытаньні свабоды сходаў у іх няма.

Сэнс маніфэстацыі заключаецца ў тым, каб прадэманстраваць іншым, а не самому сабе, што ты зь нечым не пагаджаесься – падкрэсьлівае палітоляг.

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» нават з папраўкамі не адпавядае дэмакратычным прынцыпам. Пра дэмакратызацыю заканадаўства аб сходах можна будзе казаць толькі тады, калі сапраўды будзе ўведзены заяўляльны прынцып правядзеньня мітынгаў у любым месцы, а таксама калі прэсу ці арганізатараў ня будуць караць за заклікі прыйсьці на задэкляраванае, але яшчэ не дазволенае ўладамі мерапрыемства. Пакуль дэмакратызацыі не назіраецца – канстатуе Алесь Лагвінец.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт