Сёньня адзначаецца Эўрапейскі дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Згодна дадзеным ААН, паводле даходнасьці гандаль людзьмі знаходзіцца на трэцім месцы пасьля гандлю наркотыкамі ды зброяй. Гандлем «жывым таварам» часта займаюцца арганізаваныя злачынныя групы, у тым ліку й міжнародныя.
Эўрапейскі дзень барацьбы з гандлем людзьмі неабходны для кансалідацыі дзейнасьці й павышэньня ўзроўню інфармаванасьці з адным з найстарэйшых нэгатыўных фэномэнаў – гандлем людзьмі, асабліва жанчынамі й дзецьмі.
17 лістапада 2005 года была падпісаная Канвэнцыя Рады Эўропы «Аб барацьбе з гандлем людзьмі». Праз пару гадоў Эўрапейскі парлямэнт аднагалосна прыняў стратэгію па прадухіленьні гандлю жанчынамі й дзецьмі, якія часта выкарыстоўваюцца ў сэксуальнай эксплюатацыі.
Мэта сёньняшняга дня – гучна сказаць, што чалавек – не тавар, і што каштоўнасьць чалавечага жыцьця – не прадмет гандлю!
Паводле словаў прэс-сакратара польскай паліцыі Мар’юша Цяркі, часьцей за ўсё гандлем людзьмі займаюцца міжнародныя арганізаваныя злачынныя групоўкі.
М. Цярка: Па ўзроўні прыбытку гандаль людзьмі саступае толькі гандлю зброяй і наркабізнэсу. Гэтая праблема распаўсюджаная ня толькі ў слабаразьвітых краінах, але па ўсім сьвеце. Гэта вельмі даходны бізнэс для міжнародных злачынных груп.
Злачынцы выкарыстоўваюць свае ахвяры розным чынам – пачынаючы ад рабскай працы й завяршаючы цяжкімі злачынствамі.
М. Цярка: Людзей перавозяць як тавар, іх выкарыстоўваюць як рабоў, жанчын прадаюць у публічныя дамы, а самае страшнае – гэта гандаль дзецьмі.
Яана Гарньер з Фонду процідзеяньня рабству й гандлю людзьмі La Strada адзначае, што гандлю людзьмі ў вялікай ступені спрыяюць міграцыйныя працэсы. Паводле яе слоў, у пошуках лепшага жыцьця людзі часта становяцца ахвярамі злачынцаў.
Яаана Гарньер: Можа так здарыцца, што іх прымусяць адпрацаваць кошты дарогі, альбо іх прывязуць у нейкае месца й прымусяць выконваць працу, якую яны ня хочуць рабіць.
У Польшчы за гандаль людзьмі прадугледжана пакараньне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўленьня свабоды.
Ахвярамі гэтага цынічнага й бруднага злачынства штогод становяцца прыкладна 2 млн 400 тыс. чалавек, прычым трэць зь іх – дзеці. Каля 70% ахвяр гандляроў людзьмі – гэта жанчыны. 80% ахвяр выкарыстоўваюцца для сэксуальнай эксплюатацыі, 17% – для прымусовай працы.
Паводле дадзеных ААН, агульная колькасьць сучасных рабоў на Зямлі дасягае 21 млн чалавек. Рабства сёньня квітнее ў 124 краінах сьвету, уключаючы таксама й наш кантынэнт.
30 ліпеня адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, які быў абвешчаны Генэральнай асамблеяй ААН у 2013 годзе.
вс