У апошнія дні ў Польшчы навіной нумар адзін зьяўляецца пратэст маладых лекараў. Але ў краіне ёсьць адна мэдыцынская прафэсія, аналягаў якой у Беларусі не існуе. Мы вырашылі пра яе сёньня распавесьці, тым больш што 13 кастрычніка – іх прафэсійнае сьвята.
13 кастрычніка, кажучы па-польску, Dzień Ratownika Medycznego. У Беларусі такой прафэсіі няма. У ангельскай намэнклятуры існуе слова парамэдык, але яно не да канца адлюстроўвае таго, што па-польску называецца ratownik medyczny. Даслоўны пераклад на беларускую мову гучыць як мэдычны ратаўнік.
Хто ж такі мэдычны ратаўнік у Польшчы? Гэта прадстаўнік мэдыцынскага пэрсаналу з вышэйшай мэдыцынскай адукацыяй (але ня лекарскай), які закончыў мэдыцынскі ўнівэрсытэт альбо вышэйшую мэдыцынскую школу. Гэта, так бы мовіць, жаўнер першага кідка на мэдыцынскі фронце, бо менавіта яны прымаюць у шпіталі (па-ангельску Emergency department) пацыентаў, якія знаходзяцца пад пагрозай страты здароўя альбо жыцьця, у тым ліку людзей з ДТЗ і іншых цяжкіх здарэньняў.
commons.wikimedia.org/public domain
Акрамя таго, мэдычныя ратаўнікі працуюць у аддзяленьнях рэанімацыі, на карэтах мэдыцынскай хуткай дапамогі, у мэдыцынскай авіяцыі. Пра сваю працу распавядае парамэдык Катажына Казьмерчак, якая працуе на тэлефоннай лініі й прымае званкі ад людзей, якім патрэбная мэдыцынская дапамога.
Катажына Казьмерчак: Праца вельмі цяжкая, тое, што мы чуем па тэлефоне, часам вельмі цяжка ўспрымаць. У нас ёсьць магчымасьць пайсьці да псыхоляга, паразмаўляць зь ім пра цяжкія сытуацыі, каб зь імі не ісьці дадому пасьля заканчэньне працы.
Мне прыйшлося дапамагаць па тэлефоне пацярпеламу ў дарожна-транспартным здарэньні. Хуткая дапамога была ўжо выкліканая, але людзі, якія былі на месцы ДТЗ, патэлефанавалі й папрасілі ім падказаць, што яны павінны рабіць. У ДТЗ пацярпеў матацыкліст, у якога быў моцны крывацёк з нагі, і людзі, якія былі на месцы, ня ведалі, што рабіць.
Іншы выпадак: патэлефанавала жанчына, якая была ў палаючым будынку. Лесьвічная пляцоўка была ахопленая агнём, яна не магла выбрацца з памяшканьня. Я зь ёй засталася да канца на лініі, пакуль не прыбылі пажарныя й ня выратавалі жанчыны.
Такім чынам, мэдыцынскія ратаўнікі настаўленыя на тое, каб людзям дапамагчы ў сытуацыі, калі існуе пагроза жыцьцю альбо здароўю. Лячыць пацыентаў – ня іх задача. Яны павінны стабілізаваць стан пацыента й даставіць ва ўстанову аховы здароўя, дзе ім зоймуцца лекары. І таму ў ВНУ парамэдыкаў вучаць перш за ўсё таму, як утрымаць чалавека пры жыцьцю, як спыніць сур’ёзны крывацёк альбо стабілізаваць пералом.
commons.wikimedia.org/Karol Szadkowski (AMZ Kutno)/CC BY-SA 4.0 CC
Зразумела, працуючы на карэце хуткай дапамогі прыходзіцца выяжджаць да пацыентаў, у якіх баліць галава альбо сьпіна, і гэта - будні працы парамэдыка.
Увогуле сыстэма першай мэдыцынскай дапамогі ў Польшчы амаль не адрозьніваецца ад эўрапейскай. Цікава тое, што Эўропа гэта ўзяла ў ЗША, дзе, як вядома, мэдыцына, у тым ліку першая дапамога, найбольш разьвітыя.
Калі ж казаць пра Польшчу, то тут на высокім узроўні знаходзіцца мэдыцынская авіяцыя (Lotnicze Pogotowie Ratunkowe), якая мае 22 базы на тэрыторыі ўсёй краіны. Паводле стандарту, палёт верталёта зь нейкай базы ў выпадку экстраннага выкліку павінен заняць ня больш за 10 хвілін. У авіяцыйным парку – сучасныя верталёты Eurocopter EC135 P2+, якія выкарыстоўваюцца ў мэдыцынскай авіяцыі ў шматлікіх краінах Эўропы.
Такім чынам, сёньня хацелася павіншаваць польскіх парамэдыкаў зь іх прафэсійным сьвятам і пажадаць перш за ўсё шмат здароўя, ну й як мага больш адпачынку.
вс