Logo Polskiego Radia
Print

«Біяграфію чалавека нельга зьмяніць»

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 29.09.2017 15:42
  • Біяграфію чалавека нельга зьмяніць.mp3
«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» дамагаецца адмены канцэрту Віктара Каліны ў Віцебску.
Фота са старонкі Віктара Каліны вКонтакте

Віктару Каліне няма месца на беларускіх канцэртных пляцоўках, лічыць аргкамітэт па стварэньні партыі БХД. Актывістка Тацьцяна Севярынец дамагаецца адмены выступу выканаўцы ў Віцебску. Падстава для гэтага – сувязі сьпевака з сэпаратыстамі самаабвешчаных ЛНР і ДНР.

Віктар Каліна, які здабыў славу на ніве так званага «рускага шансону» плянуе выступіць у Віцебску 23 кастрычніка. Канцэрт пад назвай «Эх, разгуляемся» гатовая прыняць на сваёй пляцоўцы абласная філярмонія. Кампанію на сцэне сьпеваку маюць скласьці запрошаныя артысты Аляксандар Курган, Валерый Юг ды Аляксей Ром. У сваю чаргу, аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» настойвае: мерапрыемства супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Справа ў тым, што Каліна наведваў з канцэртамі паўднёва-ўсходнія раёны Ўкраіны, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў.

У студзені 2015 у інтэрвію інтэрнэт-парталу naviny.by ён распавядаў пра тое, як былыя байцы «Беркуту», якіх сьпявак называе сваімі сябрамі, пасялілі яго ў лепшай з данецкіх гасьцініцаў, а потым вазілі па месцах баявых дзеяньняў. Артыст таксама абвінавачваў украінскія войскі ў масавых катаваньнях ды забойствах мірных жыхароў. Паводле каардынатара аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяны Севярынец, сьпявак груба парушыў беларускае заканадаўства.

Тацьцяна Севярынец: На сем гадоў за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку АТА асудзілі Аватарава, пасьля – яшчэ адну асобу. Зараз у Віцебску скончыўся суд над чалавекам, які ваяваў на баку ДНР/ЛНР. Праўда, гэтыя пакараньні нельга параўноўваць. А тут пляцоўку гэтаму сумнеўнаму сьпеваку даюць у Віцебску – горадзе, які атаясамлівае сябе з культурнай сталіцай Беларусі. Але справа нават ня ў гэтым. Яшчэ ў 2015 годзе яму забаранілі канцэрт менавіта з тых меркаваньняў, пра якія я кажу. Біяграфія ў чалавека не зьмянілася, яна ўжо ёсьць. Стаўленьне яго агучанае. Людзі прыводзяць спасылкі на ягоную старонку на Фэйсбуку, дзе зьмешчаныя ганебныя выказваньні наконт Беларусі, мовы й людзей.

Каб дамагчыся адмены канцэрту сьпевака, Тацьцяна Севярынец зрабіла зварот у Віцебскі абласны аддзел культуры. Рэакцыі пакуль не было.

Тацьцяна Севярынец: Крыху пачакаю афіцыйнага адказу. Запыт я зрабіла яшчэ ў сераду. 4 кастрычніка мы пойдзем у філярмонію і ў абласны аддзел ідэалёгіі й культуры, каб спытаць, у чым справа. Калі будзе адмова, мы абвесьцім усім, на якой падставе. Даючы запыт, я сваю пазыцыю абгрунтавала. Мы зьвернемся да аддзелу культуры з просьбай больш грунтоўна й уважліва ставіцца да ўсіх, хто прапануе сябе ў якасьці нейкага выканаўцы. Тое, што Віцебск стаў пляцоўкай для «Газпрому», тое, што тут усталёўваюцца помнікі расейскім гістарычным асобам – гэта занадта. Канешне, тут ёсьць уплыў праваслаўнай царквы, на жаль.

Тацьцяна Севярынец дадае – для Віцебскага рэгіёну праблема асабліва актуальная, бо менавіта на ўсходзе Беларусі як нідзе адчуваецца ўплыў так званага «рускага сьвету». На небясьпеку, якую нясе гэтая зьява, актывістка неаднаразова зьвяртала ўвагу ўладаў.

Тацьцяна Севярынец: Доўгі час я не магла дабіцца ад нашай пракуратуры прызнаньня таго, што ў Віцебскай вобласьці найбольш актыўна дзейнічаюць тыя ж самыя казакі, што дзяцей беларускіх вывозяць на трэніроўкі пад Маскву, што пад Лепелем ці пад Талачынам займаюцца падрыхтоўкай дзяцей: там ня толькі навучаюць нейкім баявым мастацтвам, гэта яшчэ й антыбеларуская прапаганда «рускага сьвету». Пасьля нашага другога звароту ў абласную пракуратуру было больш уважлівае стаўленьне да дзейнасьці казачых арганізацыяў. Была забароненая дзейнасьць арганізацыі «Казакі Паазерʼя». Акрамя таго, быў забаронены вываз дзяцей зь Беларусі ў ваенізаваныя лягеры. Тым ня менш, у гэтым годзе зьявілася інфармацыя пра новыя выпадкі.

Адзначым, сам Каліна ўжо ня першы год знаходзіцца ў «чорным сьпісе» дзеячаў культуры, складзеным украінскімі ўладамі. Ён фігуруе на сайце «Миротворец» як удзельнік баявых дзеяньняў супраць узброеных сілаў краіны. Паводле зьмешчаных на старонцы дадзеных, у Данбасе артыст, які нарадзіўся на тэрыторыі Казахстану і з 6 гадоў жыў у Барысаве, зьдзекаваўся з палонных. Крыніца інфармацыі пра гэтым на партале не пазначаецца.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт