Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі палітоляг: Фармат Усходняга партнэрства патрабуе зьменаў

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 27.09.2017 17:56
  • Фармат Усходняга партнэрства патрабуе зьменаў.mp3
Прадстаўнікоў былых савецкіх краінаў сабрала ў Вільні міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная рэгіянальнай бясьпецы.
Фота: профіль Eastern Europe Studies Centre у Фэйсбуку

Пытаньні геапалітыкі, сацыяльныя пераўтварэньні ды ня толькі абмяркоўваюць гэтымі днямі ў Вільні. У летувіскай сталіцы сабраліся прадстаўнікі былых савецкіх краінаў, каб узяць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Ўсходнія партнэры ў эўрапейскай бясьпецы й абароне – увод Глябальнай стратэгіі Эўразьвязу ў практыку».

Форум, прысьвечаны рэгіянальнай бясьпецы, ладзіцца ў Вільні штогод. Традыцыйна яго наведваюць ня толькі палітолягі ды вайсковыя экспэрты, але й чыноўнікі краінаў Усходняга партнэрства. Што тычыцца Беларусі, то яна гэтым разам прадстаўленая толькі адным удзельнікам (па словах арганізатараў, Міністэрства абароны ад удзелу ў канфэрэнцыі адмовілася).

Выступ кіраўніка Цэнтру палітычнага аналізу й прагнозаў Паўла Ўсава, а таксама дыскусія, якая адбылася сьледам, былі прысьвечаныя сумесным вучэньням «Захад-2017». Цікавасьць экспэртаў, у прыватнасьці, выклікае ўплыў манэўраў на бясьпеку ў рэгіёне й на беларускае грамадзтва. Маштабная трэніроўка яшчэ раз прадэманстравала вялікае ўзьдзеяньне Расеі на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, адзначае дасьледчык.

Павал Усаў: Калі Эўразьвяз ды эўрапейскія краіны пасылаюць у Беларусь дыпляматаў, то Расея пасылае войскі. Безумоўна, гэта не раўназначныя фактары ўзьдзеяньня. Пра гэта кажуць мілітарная прысутнасьць расейскіх войскаў на тэрыторыі падчас вучэньняў «Захад-2017», а тым больш напрамак ды ідэалёгія манэўраў, у якіх Захад фактычна разглядаецца як асноўны праціўнік (калі ня браць пад увагу нейкія штучныя ўтварэньні). Таму ніякага геапалітычнага балянсу для Беларусі не існуе. Менавіта ў гэтым заключаецца асноўная пагроза для краіны. Да такой сытуацыі прывялі дзеяньні ўладаў. Зьняцьце санкцыяў не зьмяніла стратэгічнага становішча Беларусі.

Асобная тэма, вартая ўвагі, тычыцца інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. І ў тым ліку, ролі расейскай прапаганды ў фармаваньні грамадзкай думкі ўнутры краіны. Гэтае пытаньне таксама ўздымалася на форуме ў Вільні. Працягвае Павал Усаў.

Павал Усаў: Беларусь нічога ня можа й фактычна не жадае супрацьпаставіць расейскаму ўзьдзеяньню. Той факт, што большая частка беларусаў не ўспрымае Расею як нейкую пагрозу, сьведчыць пра тое, што расейскія мэдыі й расейская прапаганда стварылі глыбока пазытыўны вобраз Расеі. Нягледзячы нават на анэксію Крыма ды на вайну ў Данбасе, беларусы падтрымліваюць ня Ўкраіну, а Расею. У пэрспэктыве такое скрыўленьне ў сьвядомасьці беларускага грамадзтва можа прывесьці да безбалючай інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Па-другое, беларусы становяцца сьляпой зброяй расейскай прапаганды. З гэтым беларускія ўлады нічога зрабіць ня змогуць.

Кажучы пра стаўленьне Захаду да Беларусі, Павал Усаў адзначае, вобраз краіны ў вачах эўрапейскай супольнасьці цягам апошніх гадоў зьмяніўся. На фоне пэўнага пацяпленьня ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем у Эўропе сфармаваўся імідж дыктатуры з чалавечым тварам. Асноўная ж увага прыцягнутая да Крамля. Удзельнікі цяперашняй канфэрэнцыі актыўна абмяркоўваюць таксама будучыню Ўсходняга партнэрства. Гэтая ініцыятыва, нагадаем, абʼядноўвае Беларусь, Украіну, Малдову, Грузію, Армэнію і Азэрбайджан. Многія аналітыкі лічаць, што фармат узаемадзеяньня варта перагледзець.

Павал Усаў: Для большасьці дакладчыкаў і аналітыкаў гэты праект мусіць быць трасфармаваны, улічваючы, наколькі розныя краіны па інтарэсах ды палітычных сыстэмах у яго ўваходзяць. Зараз Усходняе партнэрства не адпавядае тым палітычным выклікам, якія стаяць перад былымі савецкімі рэспублікамі. Тут павінна быць рэалізаваная палітыка рознага падыходу. Украіна, Малдова ды Грузія пасьля падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам патрабуюць іншага рухавіка й іншай «дарожнай мапы». Беларусь, Армэнія й Азэрбайджан стаяць у зусім іншым шэрагу і патрабуюць зусім іншага падыходу.

Пытаньнямі рэгіянальнай бясьпекі дыскусіі не абмяжоўваюцца. Сярод тэмаў – фактары, якія перашкаджаюць устойліваму разьвіцьцю краінаў Усходняга партнэрства. Адной з такіх праблемаў зьяўляецца карупцыя. Праграма канфэрэнцыі разьлічаная да чацьвярга.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт