Logo Polskiego Radia
Print

Цяжкую атлетыку пагражаюць выключыць з алімпіяды ў Парыжы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 16.09.2017 14:23
Для ўдзелу ў спаборніцтвах гэты від спорту павінен справіцца з праблемай допінгу.
photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

У алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе можа ня быць цяжкой атлетыкі, калі дысцыпліна ня справіцца з праблемай допінгу. Такое рашэньне было прынятае на сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Ліме.

МАК, які прыгразіў Міжнароднай фэдэрацыі цяжкой атлетыкі вельмі сур’ёзнымі санкцыямі, запатрабаваў, каб да сьнежня была прадстаўлена новая, эфэктыўная праграма барацьбы з допінгам.

«Нашая пазыцыя ў гэтай справе зразумелая. Калі фэдэрацыя самастойна ня справіцца з нарастаючай праблемай, то гэты від спорту будзе вымушаны несьці адказнасьць за наступствы. Кантраляваць праграму па барацьбе з допінгам будзе ня толькі Міжнародны алімпійскі камітэт, але і Спартыўны арбітражны суд і Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва», – адзначылі ў МАК.

Адзначана, што нельга пагаджацца з сытуацыяй, калі падчас аднаго спаборніцтва больш за палову пераможцаў дыскваліфікуюць за ўжываньне забароненых сродкаў.
Рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту ў справе допінгу ў цяжкой атлетыцы – гэта ўжо другі за апошнія дні заклік улад сусьветнага спорту ў гэтай справе. У аўторак Спартыўны арбітражны суд заклікаў Фэдэрацыю цяжкой атлетыкі зьняць з сёлетняга Чэмпіянату сьвету ў Амэрыцы дзевяць нацыянальных каманд, якія знаходзяцца пад найбольшым падазрэньнем.

Справа тычыцца камандаў, мінімум трое спартсмэнаў якіх падчас паўторных аналізаў на алімпіядах у Пэкіне і Лёндане былі злапаныя на допінгу. Гэта каманды Расеі, Казахстану, Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Малдовы, Украіны, Турцыі і Кітаю.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт