«Бел-чырвона-белыя. Сучаснае беларускае мастацтва». Так называецца выстава, якой далі старт у пятніцу ў Торуні. Арганізатары пастараліся сабраць працы найбольш цікавых аўтараў, якія будуць блізкія й зразумелыя польскай публіцы.
Для экспазыцыі выбралі працы 17 яркіх постацяў сучаснага мастацтва. Хтосьці з гэтых аўтараў жыве ды працуе на радзіме, іншыя ўжо ня першы год знаходзяцца ў Нямеччыне ці Галяндыі. Выстава стала магчымай дзякуючы намаганьням торуньскага Цэнтру сучаснага мастацтва «Знакі часу». Праект падтрымалі галерэя «Ў» ды Польскі інстытут у Менску.
Прадстаўленыя працы не аб’яднаныя нейкай пэўнай тэмай. Больш за тое, ініцыятары праекту вырашылі не абмяжоўвацца акрэсьленым відам мастацтва. Адна з мэтаў – паказаць самыя розныя грані творчасьці актуальных беларускіх майстроў. У выніку больш чым на тысячы квадратных мэтрах гарманічна суседнічаюць карціны, фотаздымкі ды інсталяцыі. Прадстаўленыя таксама відэа-арт і фільмы. Пра гэта нам паведаміў куратар выставы, крытык Кшыштаф Станіслаўскі.
Кшыштаф Станіслаўскі: Я выбіраў такія працы, якія носяць унівэрсальны характар. Хацелася паказаць беларускае мастацтва як мастацтва эўрапейскае. Думаю, тут ня трэба прыглядацца толькі да пэўных адметнасьцяў, якія часьцей за ўсё ня будуць зразумелыя ў сьвеце. Канешне, іх хаваць нельга. Але я лічу, што мова сучаснага мастацтва вельмі ўнівэрсальная, і ў гэтым яе вартасьць. Калі мастак здольны ўжываць гэтую мову ды можа данесьці сваю думку да заходнеэўрапейскай, амэрыканскай ці, скажам, японскай публікі, гэта для мяне вялікі плюс. А калі ён хоча канцэнтравацца на дыялёгу са сваімі суайчыньнікамі, і гэта яго задавальняе, тады іншая справа. Я ж падрыхтаваў такі праект, які мае паказаць унівэрсальнасьць, эўрапейскасьць і, перш за ўсё, высокую якасьць беларускага мастацтва.
Кажучы пра назву выставы «Бел-чырвона-белыя. Сучаснае беларускае мастацтва», Кшыштаф Станіслаўскі зьвяртае ўвагу – яе выбралі зусім не для таго, каб надаць праекту палітычнае адценьне. Гэта, хутчэй, спроба падкрэсьліць той факт, што разам сабраныя выключна творы незалежных аўтараў.
Кшыштаф Станіслаўскі: Сам палітычны акцэнт ў мастацтве я разглядаю як выбар прасьцейшай дарогі. Вядома, кожны адрэагуе на іронію ды на вострую сатыру з боку мастака. Але калі мастак паказвае міліцыю, прэзыдэнта ці яшчэ кагосьці, гэта, на маю думку, вельмі проста. Я гэтага не хацеў паказваць. На выставе ёсьць некалькі прац, у якіх можна ўгледзець пэўныя паралелі з палітычнай сытуацыяй. У прыватнасьці, я маю на ўвазе працу Сяргея Шабохіна. Ён прэзэнтуе інсталяцыю, прысьвечаную мэтадам, якія ўжываюць спэцслужбы для назіраньня за людзьмі. Але тут гаворка вядзецца, хутчэй, аб прадстаўленьні нейкай агульнай сытуацыі, у якой грамадзтва падвяргаецца моцнаму кантролю. Мастак робіць гэта ў філязофскай, псыхалягічнай форме. Гэта вельмі сьпелая праца, якую ня трэба зьвязваць выключна зь Беларусьсю, а ўнівэрсальнае прадстаўленьне стаўленьня ўлады да грамадзтва.
Паводле Кшыштафа Станіслаўскага, выстава ў Торуні – праект у пэўнай ступені ўнікальны. Упершыню польскі куратар зьбірае такую маштабную экспазыцыю, якая цалкам складаецца з твораў сучасных беларускіх мастакоў. Цікава, што сама ідэя ўзьнікла даволі даўно, але рэалізаваць яе атрымалася толькі цяпер, кажа куратар.
Кшыштаф Станіслаўскі: У 2012 годзе я атрымаў грант Міністэрства замежных справаў і паехаў у Беларусь, каб зрабіць кніжку пад назвай «Сучаснае беларускае мастацтва нанова». Гэта альбом з 250 старонак зь вялікай колькасьцю ілюстрацыяў. Ён стаў першай польскамоўнай публікацыяй на гэтую тэму. У кніжцы было таксама тлумачэньне на ангельскую мову. Расцэньваю выданьне як першую частку праекту. Праз год я плянаваў арганізаваць выставу, для якой кніжка была б каталёгам. На жаль, МЗС спыніла польска-беларускую праграму. У выніку я пачаў шукаць іншага партнэра. На гэта спатрэбілася некалькі гадоў. І вось з дапамогай Цэнтру сучаснага мастацтва «Знакі часу», ідэю ўдалося рэалізаваць. Дырэктар Вацлаў Кучма прыняў маю прапанову і, галоўнае, прафінансаваў праект.
Адзначым, знаёміць з сучасным беларускім мастацтвам жыхароў ды гасьцей Торуня будуць да 3 сьнежня. Кшыштаф Станіслаўскі не выключае, што пасьля экспазыцыю прадставяць у іншых польскіх гарадах. Сярод магчымых варыянтаў куратар называе Вроцлаў ды Варшаву.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл