Logo Polskiego Radia
Print

Маркес становіцца бліжэй

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 14.09.2017 14:39
  • Маркес становіцца бліжэй.mp3
Раман «Каханьне падчас халеры», напісаны сусьветна вядомым калюмбійцам у сярэдзіне 80-х, неўзабаве выйдзе па-беларуску.
Фота: ulej.by

Маркес становіцца бліжэй. Раман «Каханьне падчас халеры», напісаны сусьветна вядомым калюмбійцам у сярэдзіне 80-х, неўзабаве выйдзе па-беларуску. Пераклад быў гатовы больш за 10 год таму, але рэалізацыя праекту стала магчымай толькі зараз. Тэму працягвае Васіль Садоўскі.

Новае выданьне стане працягам сэрыі Noblesse oblige, якая аб’ядноўвае пераклады на беларускую мову творчай спадчыны нобэлеўскіх ляўрэатаў па літаратуры. Гэта ініцыятыва дабрачыннага фонду «Вяртаньне» ды выдавецтва «Янушкевіч». Дзякуючы сумесным намаганьням, у лютым гэтага году ўжо выйшаў збор твораў нарвэжца Кнута Гамсуна пад назвай «Голад», які стаў пілётным праектам сэрыі. «Каханьне падчас халеры» будзе другой кнігай. Аўтарам перакладу стаў уругваец зь беларускімі каранямі, Карлас Шэрман, паведаміў нашай рэдакцыі Сяргей Макарэвіч з фонду «Вяртаньне».

Сяргей Макарэвіч: У 2005 годзе, калі Шэрман памёр у Нарвэгіі, дзе ён працяглы час лячыўся, удава перадала гэты пераклад у Беларусь. І гэты пераклад больш за 10 гадоў чакаў выхаду асобнай кнігай. Мы ўжо дамовіліся з праваўладальнікамі спадчыны Маркеса. Удава пісьменьніка, якая прымае рашэньне пра публікацыю ці непублікацыю перакладаў у той ці іншай краіне, дала дазвол. Падпісаныя ўсе неабходныя дакумэнты, і зараз мы праводзім краўдфандынгавую кампанію на сайце ulej.by, каб сабраць грошы на аплату аўтарскіх правоў. Кампанія будзе працягвацца да 30 верасьня ўключна. Мы разглядаем яе як перадзамову, якая яшчэ перад выхадам кнігі дае нам сродкі на запуск выданьня. Хачу падкрэсьліць, мы ня просім усю суму. У дадзеным выпадку – на выкуп аўтарскіх правоў. Людзі атрымаюць кніжку і розныя бонусы.

Паводле нашага суразмоўцы, прамежкавыя вынікі краўдандынгавай кампаніі (а сабраць ужо ўдалося каля 80 адсоткаў ад патрэбнай сумы) кажуць пра даволі значную зацікаўленасьць з боку аўдыторыі. Людзі больш актыўна ўдзельнічаюць у зборы грошай у параўнаньні з папярэднім праектам. Працягвае Сяргей Макарэвіч.

Сяргей Макарэвіч: Калі запускаўся «Голад» Кнута Гамсуна, мне здавалася, што будзе большая ўвага да гэтай кнігі й да гэтага аўтара, нягледзячы на тое, што ён напісаў свой самы вядомы раман больш за сто гадоў таму. Але высьветлілася, што Гамсун сёньня не такі вядомы й не такі папулярны. Тое, што мы ў выніку выдалі гэтую кнігу, адыграла станоўчую ролю. Людзі бачаць, што ў нас ёсьць першы вынік, які мы можам паказаць, і больш актыўна падтрымліваюць новы праект.

Што тычыцца распаўсюджваньня выданьня, то, паводле Сяргея Макарэвіча, набыць Маркеса па-беларуску можна будзе як у сеціве, так і ў звычайных кніжных крамах па ўсёй краіне.

Сяргей Макарэвіч: Наклад абмежаваны дамовай. Мы ня можам выпусьціць больш за 700 асобнікаў. Канешне, гэта дастаткова невялікая колькасьць. Перш за ўсё, распаўсюджваць кнігі мы будзем праз электронную кнігарню выдаўца. Гэта будуць таксама сетка «Белкнігі» ды прыватныя кнігарні ў Менску і па-за Менскам. Спадзяюся, што гэтае выданьне мы прадставім на кніжным кірмашы ў лютым.

Да выхаду беларускай вэрсіі «Каханьня падчас халеры» яшчэ застаецца час, але ініцыятары ўжо зараз кажуць – сэрыя, безумоўна, атрымае працяг. Імёны аўтараў, чые творы будуць выдавацца ў бліжэйшай пэрспэктыве, Сяргей Макарэвіч не раскрывае. Аднак вядома, што гатовыя пераклады ёсьць, іншыя зараз рыхтуюцца. Вядуцца й перамовы з праваўладальнікамі літаратурнай спадчыны нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Сяргей Макарэвіч: Будуць выходзіць як сучасныя аўтары, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію цягам апошніх 10-20 гадоў ды працуюць зараз, так і тыя, што ўжо даўно адышлі, запісаныя ў так званы шэраг клясыкаў. Я мару, каб у гэтай сэрыі выйшлі творы такіх ляўрэатаў, як турак Архан Памук і кітаец Мо Янь. Гэта сучасныя аўтары, вельмі цікавыя, незвычайныя для беларускага чытача. Будзем рабіць усё, каб іх кнігі выйшлі па-беларуску.

Выпусьціць беларускамоўнае «Каханьне падчас халеры» ініцыятары праекту спадзяюцца да 25 кастрычніка, калі будуць адзначацца 83 угодкі Карласа Шэрмана. У гэты ж дзень фонд «Вяртаньне» плянуе ўручыць прэмію за лепшы літаратурны пераклад, названую ў яго гонар.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт