Жыхары Маямі рыхтуюцца да сустрэчы з трапічным цыклёнам «Ірма»
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
07.09.2017 17:46
Амэрыканскія мэтэаролягі ўжо назвалі яго самым моцным за ўсю гісторыю назіраньняў.
PAP/EPA/ERIK S. LESSER
Жыхары Маямі рыхтуюцца да сустрэчы з трапічным цыклёнам «Ірма». Мэтэаролягі ўжо назвалі яго самым моцным за ўсю гісторыю назіраньняў. Стыхія пасьпела закрануць Антыльскія выспы, Пуэрта-Рыка. Сёньня яе чакаюць у Дамінікане ды Гіаці, а ў пятніцу – у штаце Флорыда, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Хоць сам цыклён рухаецца вельмі павольна (усяго 24 кілямэтры на гадзіну), хуткасьць ветру вакол яго дасягае трохсот кілямэтраў на гадзіну, адзначаюць спэцыялісты. Менавіта таму шторму прысвоілі найвышэйшую, пятую катэгорыю. Гэта азначае, што непагадзь пагражае катастрафічнымі наступствамі. Адмыслоўцы заўважаюць – ураган здольны зьнішчаць цэлыя дамы.
Зараз жыхары Маямі гатовыя да эвакуацыі. Сытуацыя ўскладняецца яшчэ й тым, што насельніцтва агламэрацыі складае каля 7 мільёнаў чалавек, а найвышэйшая кропка знаходзіцца на вышыні 5 мэтраў над узроўнем акіяну. То бок, існуе сур’ёзная пагроза затапленьняў. Навукоўцы не выключаюць, што на фоне глябальнага пацяпленьня, частата цыклёнаў узрасьце, а іх наступствы будуць усё больш сур’ёзныя. Зараз у Атлянтыцы працягваецца сэзон штормаў, які скончыцца толькі ў наступным месяцы.
Нагадаем, «Ірма» прыйдзе на ўсходняе ўзьбярэжжа Злучаных Штатаў сьледам за трапічным цыклёнам «Харві», які абрынуўся на суседнюю Луізыяну і Тэхас у канцы жніўня. Па апошніх дадзеных, яго ахвярамі сталі 70 чалавек. Сама «Ірма» таксама ня будзе апошнім цыклёнам у гэтым годзе. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што над акваторыяй акіяну сфармаваўся чарговы ўраган. Яму далі імя «Хасэ», гаворыцца ў матэрыяле.
св