Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскі суд адхіліў скаргу на сыстэму разьмеркаваньня бежанцаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.09.2017 13:28
  • бежанцы.mp3
Гэтае рашэньне ня здолее прымусіць Польшчу прыняць уцекачоў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Суд Эўрапейскага Зьвязу адхіліў скаргу Вугоршчыны і Славаччыны на сыстэму разьмеркаваньня ўцекачоў у ЭЗ. Некаторыя краіны, у тым ліку і Польшча, адмовіліся прымаць бежанцаў у рамках праграмы разьмеркаваньня. Эўрапейская камісія пачала ўжо працэдуру пакараньня непаслухмяных сябраў ЭЗ, але пазыцыя польскіх уладаў па дадзеным пытаньні не мяняецца – Польшча не зьбіраецца запрашаць уцекачоў.

Рашэньне пра разьмеркаваньне бежанцаў Рада Эўрапейскага Зьвязу прыняла амаль роўна два гады таму. Тады прадстаўнік Польшчы – прэм’ер-міністар Эва Копач – галасавала «за». Супраць выступілі Славаччына, Чэхія, Вугоршчына і Румынія. Але на практыцы Польшча, Чэхія і Вугоршчына поўнасьцю адмовіліся прымаць бежанцаў у рамках разьмеркаваньня. Гэтая апошняя дзяржава разам са Славаччынай абскардзілі сыстэму ў Эўрапейскім судзе, але надоечы стала вядома, што вышэйшая юрыдычная ўстанова ЭЗ адхіліла скаргу, што, дарэчы, можна было прадбачыць.

Польскі ўрад адрэагаваў на падзею спакойна. Прэм’ер-міністар Бэата Шыдла адзначыла, што адхіленьне скаргі ніякім чынам не паўплывае на пазыцыю Польшчы па пытаньні бежанцаў.

Б. Шыдла: Я была перакананая, што такое рашэньне будзе прынятае. Аднак гэта абсалютна не мяняе пазыцыі польскага ўраду па пытаньні міграцыйнай палітыкі. На маю думку, пазыцыя ўсіх краін Вышаградзкай групы таксама не памяняецца. Неабходна прадумаць разумную міграцыйную палітыку, якая павінна быць эфэктыўнай ды бясьпечнай для карэнных жыхароў. У рамках гэтай палітыкі трэба аказваць дапамогу тым, каму яна сапраўды неабходная.

Міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі нэгатыўна ацэньвае рашэньне Эўрапейскага суду. Па словах міністра, Польшча ня згодзіцца прымаць уцекачоў нават пад пагрозай высокіх штрафаў. Дзяржава будзе змагацца за свае правы ў судзе, калі ўзьнікне такая неабходнасьць.

Вітальд Вашчыкоўскі адзначыў, што нават краіны гэтак званага «старога ЭЗ» ня поўнасьцю рэалізуюць палітыку Эўрапейскай камісіі. «Да гэтага часу ўдалося ажыцьцявіць толькі каля 20% пляну прымусовага разьмеркаваньня», – кажа Вашчыкоўскі і дадае, што ўсё больш сябраў ЭЗ сумняваецца, ці рашэньне пра сыстэму разьмеркаваньня бежанцаў было правільным.

В. Вашчыкоўскі: Нават тыя дзяржавы, якія прынялі нейкую частку бежанцаў, выказваюць незадавальненьне. Мы бачым, якія гарачыя спрэчкі выклікае гэтае пытаньне падчас перадвыбарчай кампаніі ў Нямеччыне, у Аўстрыі. Там палітыкі часта карыстаюцца нашымі аргумэнтамі, прыводзяць Польшчу ў якасьці прыкладу, што мы ня хочам прымаць бежанцаў. За гэтым стаіць боязь, што адкрыцьцё межаў Эўропы для такой вялізнай колькасьці імігрантаў выклікае праблемы. Ня толькі сацыяльныя, але таксама праблему паніжэньня бясьпекі. Гэта лёгка заўважыць у такіх краінах, як Нямеччына.

Кіраўнік дыпляматычнага ведамства адзначыў, што Эўрапейскі Зьвяз, які лічыць сябе прагрэсіўнай структурай, не павінен сілаю прымушаць сваіх чальцоў прымаць бежанцаў. Вітальд Вашчыкоўскі крытычна згадаў таксама некаторыя краіны ЭЗ, якія ўтрымліваюць на сваёй тэрыторыі бежанцаў. Імігранты як правіла імкнуцца перабрацца ў тую дзяржаву, дзе яны могуць скарыстацца багатай сацыяльнай апекай, таму немагчыма сілаю ўтрымаць іх у іншай краіне.

Сыстэма разьмеркаваньня бежанцаў была прыдуманая дзеля таго, каб хаця б часткова вырашыць катастрафічную сытуацыю Італіі ды Грэцыі, якія сутыкнуліся зь вялізнай хваляй бежанцаў з Азіі ды Афрыкі. На думку эўрадэпутата ад партыі «Права і справядлівасьць» Рышарда Чарнэцкага, міграцыйная палітыка ЭЗ сябе не апраўдала. Пра гэта сьведчыць хаця б тое, што праграма разьмеркаваньня не працуе, паколькі ўдалося перасяліць толькі невялікую частку бежанцаў з лягераў для ўцекачоў у Італіі ды Грэцыі.

Р. Чарнэцкі: Мы бачым, што міграцыйная палітыка Эўрапейскага Зьвязу панесла паразу. ЭЗ ня можа прымусіць сваіх сябраў, каб яны адкрылі свае межы для бежанцаў. Да гэтага часу ніводная дзяржава-чалец ЭЗ не была пакараная за сваю міграцыйную палітыку. Так што цяжка цяпер казаць пра тое, ці нам трэба будзе прыняць бежанцаў. Пачакаем, якое рашэньне прыме Эўрапейскі Зьвяз па гэтым пытаньні.

Праграмай разьмеркаваньня бежанцаў, прынятай два гады таму, плянавалася ахапіць амаль сто тысяч чалавек. Польшча павінна была даць прытулак звыш шасьці тысячам, але не прыняла ніводнай асобы. На самой справе з гэтых шасьці тысяч засталося дагэтуль няшмат, паколькі большасьць бежанцаў не чакалі, пакуль іх вышлюць у горшую, на іхнюю думку, дзяржаву, і самі пастараліся перабрацца ў Нямеччыну, Швэцыю або іншую багатую краіну.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт