Летувіскі ўрад зрабіў некалькі сяброўскіх жэстаў у напрамку Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.09.2017 14:38
Ці гэта ўжо значнае пацяпленьне ў польска-летувскіх адносінах?
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
У Варшаве адбылася сустрэча прэм’ер-міністраў Польшчы і Летувы Бэаты Шыдла і Саулюса Сквэрняліса – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita». Перад візытам, які адбыўся ў рамках малога польска-балтыйскага саміту, летувіскі ўрад зрабіў некалькі сяброўскіх жэстаў у напрамку Польшчы – між іншым стала вядома, што ў краіне можна будзе глядзець тры польскія тэлеканалы.
Ці гэта ўжо значнае пацяпленьне ў польска-летувскіх адносінах, якія апошнім часам былі даволі халодныя? Пакуль што цяжка казаць пра нараджэньне братэрскага саюзу або значны прарыў. Але відаць, што бакі стараюцца палепшыць двухбаковыя кантакты.
Гісторыя польска-летувіскіх адносін дваццаці апошніх гадоў – гэта разбуджаныя надзеі, эмацыйныя дэклярацыі і завярэньні, і нязьдзейсьненыя абяцаньні, асабліва з боку летувіскіх палітыкаў. Гэтыя словы і абяцаньні датычылі галоўным чынам польскай меншасьці ў Летуве. Гаворка ідзе, між іншым, пра правапіс польскіх прозьвішчаў – пытаньне ніяк не ўдаецца вырашыць. Здаецца, новы летувіскі ўрад зразумеў, што камфорт палякаў – грамадзян Летувы – аказвае ўплыў на іх адносіны да летувіскай дзяржавы. І што, напрыклад, адсутнасьць польскіх тэлеканалаў прымушае іх прыслухоўвацца да голасу крамлёўскай прапаганды.
Rzeczpospolita/нг