Функцыянаваньне незалежных мэдыяў ды рэгіянальная бясьпека. Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваліся падчас сустрэчы польскай парлямэнцкай дэлегацыі з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Размова, удзел у якой прынялі прадстаўнікі розных палітычных сілаў, адбылася ў Менску.
Варшава разумее важнасьць дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Пра гэта прадстаўнікі польскай парлямэнцкай дэлегацыі на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім казалі, размаўляючы з апазыцыяй. Сустрэча доўжылася каля дзьвюх гадзінаў. А ўдзел у ёй прымалі лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду», Беларускага народнага фронту. Прысутнічалі таксама дэпутаты парлямэнту Алена Анісім ды Ганна Канапацкая. Падрабязьней пра размову нашай рэдакцыі распавёў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: Задачай было давесьці нашую інфармацыю (калі я кажу «нашую» я маю на ўвазе ня толькі Аб’яднаную грамадзянскую партыю, але ўсю правацэнтрысцкую кааліцыю) да польскіх палітыкаў. Галоўнае пытаньне сёньняшняй Беларусі – гэта адсутнасьць права выбару ў людзей. Яго трэба вяртаць праз свабодныя сумленныя выбары. Па гэтым пытаньні мы прапанавалі й польскім дэпутатам стварыць вялікую міжнародную кааліцыю, таму што намі падрыхтаваныя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Выкарыстоўваючы мандат Ганны Канапацкай, гэта будзе перадавацца на сэсію. Але тут патрэбны ціск і знутры, і звонку. Яшчэ адно пытаньне – сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, а таксама выклікі ды пагрозы. Адным з такіх выклікаў мы лічым вучэньне «Захад-2017». Мы гаварылі пра ўсё тое, што можа быць. У тым ліку, абмяркоўвалі дрэнныя сцэнары. Мы запрашаем польскіх дэпутатаў далучыцца да міжнароднай дыскусіі на тэму «Нацыянальная бясьпека: вучэньне «Захад-2017». Погляд зь Менска, Кіева, Вільні і Варшавы», якую мы ладзім 11 верасьня ў Менску.
Яшчэ адно з важных пытаньняў гэтым разам тычылася далейшага лёсу тэлеканала Белсат. Раней Міністэрства замежных справаў Польшчы, нагадаем, заяўляла, што з наступнага году ня будзе фінансаваць рэдакцыю. У сваю чаргу, беларуская апазыцыя лічыць, што праект вельмі важны для грамадзкасьці, і яго трэба ратаваць. Працягвае Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: Гэта канал, які ня толькі працуе на пазытыўныя перамены ў Беларусі. Ён яшчэ супрацьстаіць расейскай прапагандзе. Калі глядзець прагматычная на сытуацыю, то я думаю, што тыя дэпутаты, якія прысутнічалі на сустрэчы, ня супраць памяняць «Белсат» на TV Polonia, якая мусіць прыйсьці ў беларускія кабэльныя сеткі. Але ці выйграе ад гэтага глядач «Белсату»? Натуральна, не! Яны сказалі, што падтрымка захаваецца, але гэта ня мусіць быць падтрымка праз урад. Гэта мусяць быць іншыя схемы. Я бачу, што іх клапоціць, каб «Белсат» не асацыяваўся зь сёньняшняй польскай уладай. Верагодна, гэта патрэбна для нейкіх іміджавых рэчаў у камунікацыях зь беларускімі ўладамі.
Камэнтуючы стасункі Беларусі й Польшчы на ўзроўні парлямэнтаў, Анатоль Лябедзька падкрэсьлівае – у саміх кантактах няма нічога дрэннага. Але разам з тым, нельга прызнаваць Палату прадстаўнікоў законным легітымным парлямэнтам, гэта будзе толькі кансэрваваць сытуацыю ў краіне, упэўнены палітык. У сваю чаргу, адна зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Тацьцяна Караткевіч лічыць, што дзьве краіны павінныя разьвіваць дыялёг па ўсіх кірунках.
Тацьцяна Караткевіч: Кантакты павінныя пашырацца. Гэта могуць быць сустрэчы, круглыя сталы, дыскусіі. Тэмаў для гэтых дыскусіяў у нас шмат. Мы пра гэта ведаем. Гэта будаўніцтва беларускай атамнай станцыі, разьвіцьцё малога бізнэсу, разьвіцьцё прыгранічных зонаў. Трэба разьвіваць камунікацыі ў межах Балёнскага працэсу. Польшча – наш сусед. Неабходна падтрымліваць кантакты як з дэпутатамі, так зь мясцовымі ўладамі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.
Нагадаем, трохдзённы візыт польскай парлямэнцкай дэлегацыі ў Беларусь пачаўся ў аўторак. Перад тым як сустрэцца з прадстаўнікамі апазыцыйных сілаў, віцэ-сьпікер Сэйму Рышард Тэрлецкі правёў перамовы з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл