Logo Polskiego Radia
Print

ФСБ дзейнічае ў Беларусі, не пытаючыся Менска?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.08.2017 20:50
  • ФСБ дзейнічае ў Беларусі, не пытаючыся Менска.mp3
Выкрадаючы людзей у Беларусі, расейскія спэцслужбы моцна кампрамэтуюць беларускіх сілавікоў – лічыць экспэрт.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain CC0

Нацбанк Беларусі зьніжае стаўку рэфінансаваньня, беларускія ўлады зьбіраюцца скараціць колькасьць ВНУ, а на беларускай тэрыторыі расейскае ФСБ выкрала грамадзяніна Ўкраіны. Гэтым палітычным і эканамічным тэмам прысьвячалі сваю ўвагу беларускія СМІ ў мінулыя 7 дзён. Наколькі стабільная беларуская валюта? Ці ў правільным кірунку беларускія ўлады рэфармуюць вышэйшую адукацыю? Ці расейскія спэцслужбы могуць абсалютна свабодна дзейнічаць у Беларусі? На гэтыя пытаньні Аляксандра Папко ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» адказвае аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Нізкая працэнтная стаўка не ажывіць дзяржпрадпрыемстваў

Стаўка рэфінансаваньня зьнізіцца да 11,5% гадавых. Пра гэта 23 жніўня паведаміў Нацбанк Беларусі. Апошні раз стаўка па крэдытах знаходзілася на такім нізкім узроўні перад крызысам 2011 году. Крэдыты для прадпрыемстваў і грмадзянаў стануць таньнейшымі, колькасьць грошай у эканоміцы вырасьце. Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня – гэта прызнаньне таго, што ўраду ўдалося перамагчы інфляцыю й зрабіць беларускі рубель стабільным? Ці наадварот – гэта знак, што дзяржпрадпрыемствам не хапае грошай, таму грошы пачнуць масава выпускаць на рынак, што падштурхне інфляцыю?

Андрэй Елісееў: Высокія працэнтныя стаўкі ў Беларусі – гэта проста сымптом хваробы, а ўласна хвароба – гэта нізкая эфэктыўнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны часта ўвогуле ня маюць добрых праектаў, што акупляліся б – няважна, пад якую крэдытную стаўку. Таму нізкая стаўка зусім не абавязкова ўзновіць эканамічную актыўнасьць у Беларусі. Рызыкі невяртаньня крэдытаў для шмат якіх дзяржаўных прадпрыемстваў застаюцца высокімі. І калі крэдыты будуць раздаваць направа й налева гаспадаркам, што іх не вяртаюць, то гэта толькі паглыбіць эканамічны крызыс.

Уладам непазьбежна давядзецца скарачаць дзяржаўныя ВНУ

Рэформа адукацыі была адной з галоўных тэмаў мінулага тыдня. Скараціць колькасьць ВНУ, вярнуць вучэльням вузкую спэцыялізацыю ды прыцягнуць маладых выкладчыкаў – такія пляны 24 жніўня на «Рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе» агучыў Аляксандар Лукашэнка. Наколькі слушныя такія мэты і ці ўдасца іх дасягнуць?

Андрэй Елісееў: Пра скарачэньне вышэйшых навучальных установаў гавораць каторы год. Гэта не дзіўна, бо колькасьць маладых людзей у краіне апошнія гады няўхільна скарачаецца. Зараз студэнтаў дзесьці на чвэрць менш, чым было дзесяць гадоў таму. У 2015-ым вялася сурʼёзная гаворка пра скарачэньне колькасьці ўнівэрсытэтаў з 54 да 20. Кіруючыся старой звычкай душыць прыватнае, беларускія ўлады могуць узяцца за закрыцьцё недзяржаўных вучэльняў. Але ж іх зараз і так меншасьць – толькі 9 сярод 51. Іх закрыцьцё вырашыць праблему недабораў толькі часова і далёка не па ўсіх спэцыяльнасьцях. Таму Беларусі непазьбежна давядзецца скарачаць колькасьць дзяржаўных навучальных установаў. Важна, якім чынам гэта будзе адбывацца. Пажадана, каб самі навучальныя ўстановы вырашалі, з кім абʼяднацца ў адно ці стварыць кансорцыюм.

«Расейскія спэцслужбы маглі дзейнічаць бязь ведама беларускіх калегаў»

24 жніўня спэцслужбы Расеі выманілі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ў Беларусь, дзе выкралі яго. Пра гэта заявіў бацька хлопца Ігар Грыб, у нядаўнім мінулым – украінскі афіцэр-памежнік. Па яго словах, Павал паехаў у Гомель, каб там сустрэцца з дзяўчынай з Расеі, зь якой пазнаёміўся ў сацсетках. У гомельскай міліцыі Ігар Грыб высьветліў, што ФСБ Расеі аб’явіла яго сына ў вышук па абвінавачаньні ў тэракце. Беларускія памежнікі заявілі, што пра лёс хлопца нічога ня ведаюць. Украінская амбасада накіравала ноту ў МЗС Беларусі. Маладога ўкраінца арыштавалі беларускія сілавікі па запыце з Масквы, ці ФСБ Расеі свабодна выкрадае людзей на тэрыторыі Беларусі?

Андрэй Елісееў: Пытаньне прынцыпова важнае, і вельмі верагодна, што расейскія спэцслужбы дзейнічалі без ведама беларускіх калегаў. Гэта, праўда, сурʼёзнае парушэньне беларускага заканадаўства й «падстава» беларускіх ведамстваў. Таму расейскі бок можа, напрыклад, заявіць, што Павал Грыб сам выехаў з Гомеля ў Расею, дзе й быў законна затрыманы, бо знаходзіўся ў вышуку. У СМІ зьявілася інфармацыя, што ўкраінскі актывіст на гэты момант знаходзіцца ў краснадарскім аддзяленьні ФСБ. Падобна, што ФСБ хоча мець закладніка, каб абмяняць яго на нядаўна палоненага ва Ўкраіне расейскага жаўнера Агеева.

Праца на полі застаецца добрай піяр-акцыяй

26 жніўня афіцыйныя СМІ паказалі, як кіраўнік Беларусі капаў бульбу. Як паведаміла інфармагенцтва БЕЛТА, Лукашэнка з памочнікамі сабраў 105 тонаў бульбы. Ужо другі раз за месяц дзяржаўныя СМІ паказваюць, як Лукашэнка з сынам працуюць на полі. Ці нехта ў Беларусі яшчэ верыць у вобраз «прэзыдэнта-працаўніка з народу»? А можа карцінку збору бульбы Лукашэнкам паказваюць не для беларусаў?

Андрэй Елісееў: Пэрыяд збору ўраджаю – добры час, каб палепшыць папулярнасьць палітыка. Лукашэнка гэта добра ведае і ўжывае свае старыя схемы. Толькі цяпер яшчэ разам з малодшым сынам. У Беларусі даволі кансэрватыўнага электарату, які бязьмежна верыць Лукашэнку й падтрымлівае яго, што б ні стала. Доля такіх беларусаў, гледзячы на скокі электаральных рэйтынгаў Лукашэнкі за апошнія 20 гадоў, складае 15-20%. Гэта часьцей людзі старэйшага веку, якія жывуць у малых гарадах і сёлах, і людзі зь меншым узроўнем адукацыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт