Logo Polskiego Radia
Print

Папулярызацыяй падляскай кухні вырашылі заняцца на ўсходзе Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 29.08.2017 19:47
Адмыслова для гурманаў паўстаў маштабны праект з назвай «Беластоцкі кулінарны шлях», што аб’ядноўвае каля 30 аб’ектаў грамадзкага харчаваньня.
pixabay.com/Public Domain CC0

Папулярызацыяй падляскай кухні вырашылі заняцца на ўсходзе Польшчы. Адмыслова для гурманаў паўстаў маштабны праект з назвай «Беластоцкі кулінарны шлях». Ён аб’ядноўвае каля 30 аб’ектаў грамадзкага харчаваньня. Тэма ўздымаецца на старонках сёньняшняга нумару газэты Puls Biznesu. Сярод галоўных мэтаў аўтары ідэі называюць ня толькі пашырэньне рэгіянальных традыцыяў, але й прыцягненьне турыстаў.

Аматарам лякальнай кухні належыць яшчэ адна ініцыятыва. Дзякуючы іхным намаганьням, у горадзе зьявілася Падляская кулінарная акадэмія. У ёй праводзяць курсы, падчас якіх усіх ахвотных вучаць майстэрству гатаваньня мяса, спалучэньня смакаў ды ня толькі. Для больш патрабавальных наведвальнікаў праводзяць заняткі, прысьвечаныя вэгетарыянскай, вэганскай ды нават малекулярнай кухні.

Цікава, што акадэмія зьвярнула ўвагу ня толькі на польскую кухню. На Падляшшы таксама прысутнічаюць традыцыі беларусаў, літоўцаў, рускіх, украінцаў, татараў, габрэяў ды цыганаў. На старонцы Міністэрства сельскай гаспадаркі ды разьвіцьця вёскі можна знайсьці сьпіс традыцыйных страваў, у якім 64 пазыцыі. У тым ліку – бульбяная бабка, літоўскія бліны, халаднік, фаршаваны шчупак ды гайнаўскі марцінак. Паводле спэцыялістаў, сярод найчасьцей ужываных складнікаў мясцовых страваў – бульба ды грыбы.

Кулінарнае багацьце рэгіёну падтрымліваюць ня толькі прафэсійныя рэстаратары, але й дробныя прадпрымальнікі ці нават людзі, для якіх гатаваньне ежы – звычайнае хобі. Пра гэта сьведчыць практыка тэматычных фэстываляў ды конкурсаў, якія ладзяць на Падляшшы, гаворыцца ў матэрыяле.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт