Дыскусія наконт высечкі дрэваў у Белавескай пушчы пачалася і ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
24.08.2017 18:00
Ва ўсходняй частцы старажытнага лесу таксама змагаюцца з караедам, але пры гэтым падыходзяць да праблемы іначай, чым суседзі з захаду.
Стары лесpixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Дыскусія наконт высечкі дрэваў у Белавескай пушчы сьледам за Польшчай пачалася і ў Беларусі. Ва ўсходняй частцы старажытнага лесу таксама змагаюцца з караедам, але пры гэтым падыходзяць да праблемы іначай, чым суседзі з захаду, піша газэта Rzeczpospolita. Паводле выданьня, у Беларусі, на якую прыходзіцца 58 адсоткаў плошчы запаведнай зоны, расьліннасьць зьнішчаюць значна меншымі тэмпамі.
У выніку цягам 6 месяцаў палякі пасьпелі высечы болей дрэваў, чым калегі на іншым беразе Бугу за год. Беларускія спэцыялісты лічаць, што лес сам сябе вылечыць. Гэта паказвае і практыка. У месцах, дзе дрэвы вырашылі не высякаць, заўважаны працэс аднаўленьня – прыводзяць журналісты словы галоўнага лясьнічага Нацыянальнага парку Васіля Філімонава зь інтэрвію, што выйшла ў газэце «СБ – Беларусь Сегодня».
Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую атрымала рэдакцыя выданьня Rzeczpospolita, з 2012 году, змагаючыся з караедам, у Польшчы высеклі каля 160 тысячаў дрэваў. Пры гэтым зьнішчаліся практычна ўсе дрэвы, на якіх быў заўважаны паразыт. У беларускай частцы пушчы пазбаўляюцца выключна ад ссохлых хвойных, якія ўжо нельга выратаваць.
Нагадаем, дыскусія наконт зьнішчэньня дрэваў цягнецца ўжо больш за год. Эколягі сьцьвярджаюць, што з польскага боку дрэвы высякаюцца ў камэрцыйных мэтах. Пры гэтым нашэсьце караедаў – гэта толькі фармальная падстава. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў, у сваю чаргу, заяўляюць, што высечка хвойных – гэта адзіная магчымасьць пазьбегнуць сапраўднай катастрофы.
св