Транспарт будучага становіцца бліжэй
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Vasil Sadouski
                        
                        23.08.2017 19:47
                    
                                 
                
                
                    Некалькі сусьветных канцэрнаў вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб стварыць канкурэнцыю Google ды Apple у сэгмэнце "разумных аўтамабіляў".
                
                
                    
                        
pixabay.com/Public Domain CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Транспарт будучага становіцца бліжэй. Некалькі сусьветных канцэрнаў вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб стварыць канкурэнцыю кампаніям Google ды Apple у сэгмэнце "разумных аўтамабіляў". Сёньня гэтую тэму на сваіх старонках уздымае Dziennik Gazeta Prawna. Паводле выданьня, у своеасаблівы канглямэрат увайшлі адзін зь лідэраў на рынку легкавікоў японская Toyota, вырабнік працэсараў з ЗША Intel, кампанія Denso, што выпускае кампанэнты для аўтамабіляў, а таксама швэдзкі тэлекамунікацыйны гігант Ericsson.
Раней аб стварэньні падобных саюзаў заяўлялі іншыя канцэрны. Напрыклад, актыўна супрацоўнічаць у гэтай галіне зьбіраюцца нямецкія Bosch і Daimler. Як прагназуюць навукоўцы, да 2025 году колькасьць інфармацыі, якой абменьваюцца паміж сабой разумныя машыны, дасягне 10 эксабайтаў (для параўнаньня: каб захаваць яе, спатрэбіцца паўмільярда дыскаў Blu-ray). Прычым, абʼёмы дадзеных істотна ўзрастуць са зьяўленьнем на трасах менавіта бесьпілётных аўтамабіляў. Для іх нармальнага функцыянаваньня неабходна стварыць адпаведную экасыстэму, што дазваляе апэратыўна перадаваць вялікую колькасьць інфармацыі.  
Істотных зьменаў будзе патрабаваць таксама заканадаўства. Асноўным міжнародным дакумэнтам, які рэгулюе дарожны рух, застаецца Венская Канвэнцыя 1968 году. У ёй гаворыцца, што кожны транспартны сродак ці іх група падчас руху павінны мець кіроўцу. На практыцы гэта выключае выкарыстоўваньне аўтаномных машынаў. Тым не менш, тэставаць бесьпілётныя аўтамабілі на трасах дазволілі некаторыя з амэрыканскіх штатаў, а таксама Вялікабрытанія ды Францыя. У бліжэйшым часе да іх гатовая далучыцца Нямеччына.
св