Сёньня ў Варшаве ўзгадвалі тую падзею ды ўшаноўвалі памяць тых, хто там загінуў.
«Павяк» быў найвялікшай нямецкай турмой на тэрыторыі акупаванай Польшчы падчас ІІ Сусьветнай вайны. Там знаходзіліся палітычныя вязьні, ваеннапалонныя, насуперак усім тагачасным міжнародным канвэнцыям. Таксама там утрымліваліся людзі, якіх хапалі падчас балаваў, у тым ліку жанчыны й дзеці.
Паводле падлікаў гісторыкаў, праз турму прайшло больш за 100 тысяч цывільных асобаў. Каля 37 тысяч былі расстраляныя, частка памерла падчас катаваньняў у сядзібе гестапа, што мясьцілася на праспэкце Шуха, частка памерла ў турэмным шпіталі. Рэшту вязьняў немцы вывезьлі ў канцэнтрацыйныя лягеры.
Пасьля падаўленьня Варшаўскага паўстаньня немцы расстралялі апошніх вязьняў Павяку. 21 жніўня 1944-га года яны ўзарвалі сам будынак турмы ды блізкія дамы.
Першыя ўрачыстасьці ўшанаваньня памяці гэтага трагічнага месца адбыліся ў Польшчы ў 2012-м годзе. З таго час яны ладзяцца штогод. Былы вязень Багуслаў Задрожны ўзгадваў, што ў Павяку вязьні жылі ў сталым страху за сваё жыцьцё.
Багуслаў Задрожны: Тут была такая атмасфэра, што стаяў лямант. Найгорш вязьням было вытрываць менавіта крык. Біцьцё было, але вядома было што раней ці пазьней яно скончыцца, або вязень не вытрывае. Затое крык ніколі не канчаўся. Была атмасфэра страху. Ніколі не вядома было, за кім прыйдуць. Чалавек увесь час баяўся за сваё жыцьцё.
На месцы, дзе быў арышт, сёньня месьціцца Музэй турмы «Павяк». Першая экспазыцыя была створана ў 1965-м годзе па ініцыятыве былых вязьняў. Адзін зь іх – Лех Заўлодзкі – распавёў падчас урачыстасьцяў, што згаданая ўстанова – перасьцярога для наступных пакаленьняў.
Лех Заўлодзкі: "Павяк" быў адным з фрагмэнтаў злачыннай дзейнасьці немцаў на тэрыторыі Польшчы падчас акупацыі. Пра гэта нельга забываць. Трэба рабіць усё, каб такія падзеі не паўтарыліся.
Сымбалем Павяка ды крыўдаў палякаў стаў вяз, які рос побач з былой турэмнай брамай. Дрэва перажыло вайну. Сем’і вязьняў забітых немцамі прымацавалі да дрэва памятную шыльду з прозьвішчамі замучаных. Пасьля таго, як дрэва засохла, быў створаны помнік. Адлітае з бронзы дрэва, якае паставілі на месцы, дзе расла той вяз.
Былы вязень Здзіслаў Яска згадаў падчас урачыстасьці, што тое дрэва мела для вязьняў надзвычайнае значэньне.
Зьдзіслаў Яско: Кожны вязень, які пераступаў праз гэтую браму, зьвяртаў увагу на гэтае дрэва. На Павяку гэта была адзіная відочная зялёная расьліна, якая супакойвала душу. Мы ўсе зьвязвалі зь ёй надзею на хуткае вызваленьне.
Варшаўскі паўстанец вязень Павяка Гэнрык Лагоцкі, што для яго дрэва – сымбаль перажытай драмы.
Гэнрык Лагоцкі: Я памятаю гэты вяз. Там стаялі буды з сабакамі, мяне сюдой прывезьлі. Тут прайшлі гады маёй маладосьць. Тут я перажыў сапраўднае пекла. Мяне білі, катавалі. Мяне маглі ў кожную хвіліну расстраляць ці вывесьці ў лягер. Гэта памятка для наступных пакаленьняў. Гэта сымбалічнае месца.
Музэй турмы «Павяк» зьяўляецца аддзелам Музэя незалежнасьці Польшчы. Музэй ладзіць памятныя ўрачыстасьці: Дні памяці «Павяка», сустрэчы са Сьведкамі гісторыі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч