Ужо два гады прэзыдэнтам Польшчы зьяўляецца Анджэй Дуда. Дакладна 6 жніўня 2015 году кандыдат партыі «Права і справядлівасьць» прынёс прэзыдэнцкую прысягу.
Анджэй Дуда на прэзыдэнцкіх выбарах у другім туры галасаваньня перамог папярэдняга прэзыдэнта РП Браніслава Камароўскага. За Дуду прагаласавала на 518 тысяч больш, чым за Камароўскага – адпаведна 51 працэнт выбаршчыкаў супраць 48 працэнтаў.
29 траўня 2015 Анджэй Дуда атрымаў Акт выбару на пасаду прэзыдэнта РП, а 6 жніўня прынёс прысягу перад Нацыянальным сходам.
А.Дуда: Па волі Народу, прымаючы пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Польшча, урачыста прысягаю, што захаваю вернасьць пастановам Канстытуцыі. Буду нязломна берагчы годнасьць Народу, незалежнасьць і бясьпеку дзяржавы, а дабро Радзімы і посьпех грамадзян заўсёды будуць для мяне найважнейшай задачай. Хай дапаможа мне Бог!
Выступаючы з першай прамовай да народу, Анджэй Дуда сказаў, што ён будзе актыўным прэзыдэнтам, асабліва ў галіне замежнай палітыкі і пытаньнях бясьпекі. Ён казаў таксама аб жаданьні аднавіць нацыянальнае адзінства ды ажыцьцяўляць выбарчыя абяцаньні.
А.Дуда: Вялікі дзякуй за выбары, дзякуй за вашу прысутнасьць. Я хачу сказаць, што зраблю ўсё, каб не падвесьці вашых чаканьняў. Я стрымаю выбарчыя абяцаньні, пра якія я заявіў, хаця многія сёньня ў гэтым сумняюцца, але я зьяўляюся нязломным чалавекам і чалавекам веры. Я веру, што гэта магчыма, і што я гэта зраблю.
Выконваючы выбарчыя абяцаньні, у лютым 2016 году прэзыдэнт падпісаў закон «Праграма Сям’я 500 плюс», а ў сьнежні гэтага ж году – закон, які дазваляе зьніжэньне пэнсійнага ўзросту. Падпісаваючы «Праграму сям’я 500 плюс», Анджэй Дуда сказаў, што гэты закон выправіць дэмаграфічную сытуацыю краіны, а таксама палепшыць узровень жыцьця сем’яў зь дзецьмі.
А.Дуда: Асабліва ў тых рэгіёнах Польшчы, дзе вялікія праблемы з працай, дзе невялікія заробкі гэта будзе істотнай дапамогай для сем’яў. Я веру, што гэты закон прычыняцца да зьмены Польшчы ў найлепшым значэньні гэтага слова.
На працягу двух гадоў прэзыдэнцтва Анджэй Дуда правёў перамовы зь дзясяткамі кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў, зьдзейсьніў больш за 50 замежных візытаў. Неаднаразова ён сустракаўся з палякамі, якія жывуць за мяжой.
У ліпені мінулага года адбыўся саміт NATO ў Варшаве. Пры гэтай нагодзе Дуда сустрэўся, у прыватнасьці, з прэзыдэнтамі ЗША – Баракам Абамам і Ўкраіны – Пятром Парашэнкам, ды прэмʼер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам.
У канцы саміту прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што прынятыя на сустрэчы рашэньні па ўмацаваньні ўсходняга флянгу NATO зьяўляюцца посьпехам Польшчы і ўсяго Паўночнаатлянтычнага альянсу.
А.Дуда: Непасрэдна для нас палякаў і для Польшчы гэта азначае найперш большую прысутнасьць сіл Паўночнаатлянтычнага саюзу на нашай тэрыторыі.
У 2016 годзе прэзыдэнт прыняў удзел у Сусьветнай сустрэчы каталіцкай моладзі ў Кракаве. І тады таксама гаварыў з Папам Францішкам. У ліпені гэтага года Анджэй Дуда прыняў у Варшаве прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональда Трампа. Абодва палітыкі прынялі ўдзел у саміце Трох мораў з удзелам прэзыдэнтаў і прадстаўнікоў 12 краін Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў. У пачатку саміту прэзыдэнт Анджэй Дуда сказаў, што дывэрсыфікацыя паставак сыравіны зьяўляецца прыярытэтнай задачай для гэтай часткі Эўропы.
А.Дуда: Мы жадаем стварыць газавы калідор поўнач-поўдзень, які зьвяжа газапорт у Сьвінавуйсьці й будучы газапорт на высьпе Крк у Харватыі. Гэтай сыстэмай мы імкнёмся энэргетычна забясьпечыць усе дзяржавы нашага рэгіёну.
Прэзыдэнт вялікае значэньне надае гістарычнай палітыцы дзяржавы, у прыватнасьці, ён удзельнічаў у сьвяткаваньні Нацыянальнага дня памяці выклятых жаўнераў, у юбілейных урачыстасьцях 1050 гадавіны Хрышчэньня Польшчы ды ва ўшанаваньні ўгодкаў Варшаўскага паўстаньня.
Анджэй Дуда за два гады прэзыдэнцтва зьдзейсьніў 187 візытаў па ўсёй Польшчы. Інтэрвэнцыйнае бюро прававой дапамогі ў Канцылярыі Прэзыдэнта Рэспублікі Польшча дапамагло 15 тысячам грамадзян.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда зьяўляецца актыўным карыстальнікам сацыяльных мэдыяў. Асабіста вядзе свой акаўнт у Twitter, разьмяшчаючы інфармацыю пра працу прэзыдэнта, а таксама камэнтары й фатаграфіі. Часта выкарыстоўвае гэты партал для кантактаваньня з іншымі карыстальнікамі інтэрнэту.
яс