Logo Polskiego Radia
Print

Сур'ёзны крызыс у адносінах перажываюць Нямеччына ды Турцыя

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 24.07.2017 18:16
У турэцкіх турмах зараз знаходзяцца дзевяць немцаў, якіх, паводле афіцыйнага Бэрліну, утрымліваюць там з палітычных прычынаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Найвялікшы за апошнія гады крызыс у адносінах перажываюць Нямеччына ды Турцыя. Супярэчнасьцям паміж дзьвюма краінамі прысьвечаны адзін з артыкулаў сьвежага нумару выданьня Gazeta Wyborcza.

У турэцкіх турмах зараз знаходзяцца дзевяць немцаў, якіх, паводле афіцыйнага Бэрліну, утрымліваюць там з палітычных прычынаў. Усіх вінавацяць у сувязях з Фетхулахам Гюленам. Менавіта ён, паводле Анкары, год таму быў ідэйным натхняльнікам няўдалага путчу. На мінулых выходных кіраўнік нямецкай дыпляматыі Зігмар Габрыэль вырашыў зьвярнуцца да трохмільённай турэцкай грамадзкасьці, што жыве ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы. У сваім лісьце, апублікаваным на старонках таблоіду Bild, міністар замежных справаў падкрэсьлівае, што не мае ніякіх прэтэнзіяў да нацыянальнай меншасьці.

Такім чынам прадстаўнік ураду патлумачыў свае нядаўнія словы пра неабходнасьць цалкавітага перагляду адносінаў з турэцкімі ўладамі. Раней ён жа анансаваў спыненьне супрацоўніцтва з Анкарой у вайсковай сфэры. Пасьля гэтага Бэрлін замарозіў пастаўкі ўзбраеньняў. А МЗС Нямеччыны нават перасьцярог сваіх грамадзянаў пра мажлівасьць беспадстаўнага затрыманьня ў паўднёвай краіне. Гэтая заява стала балючым ударам для Турцыі, якая цягам апошніх двух гадоў страціла каля 16 мільёнаў турыстаў. Тым часам, Бэрлін не выключае новых санкцыяў, калі затрыманыя немцы не будуць выпушчаныя.

У сваю чаргу, прэзыдэнт Эрдаган, якога Захад усё часьцей вінаваціць у аўтарытарызьме, днямі заявіў, што ў апанэнтаў няма такой сілы, каб спужаць яго. А вось урад краіны не такі катэгарычны – там усур’ёз асьцерагаюцца пагаршэньня адносінаў зь нямецкімі інвэстарамі, што працуюць у Турцыі.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт