Logo Polskiego Radia
Print

«Ніякай палітыкі беларусізацыі, па-сутнасьці, не праводзіцца»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 19.07.2017 22:15
  • «Ніякай палітыкі беларусізацыі па-сутнасьці не праводзіцца».mp3
Прамова Макея на Зьезьдзе беларусаў сьвету ня сьведчыць пра зьмену ў стаўленьні ўладаў да беларускай культуры – палітоляг.
radyjo.net/Я.Іванюк

За мінулыя 7 дзён у Беларусі вынесьлі вэрдыкт па нашумелай справе аб сьмерці школьніцы на ўборцы бульбы. На Зьезьдзе беларусаў сьвету Ўладзімер Макей заклікаў усіх беларусаў, незалежна ад іх стаўленьня да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аб’ядноўвацца, каб захаваць сувэрэнітэт Беларусі. Нягледзячы на сэзон адпачынкаў, беларускае міністэрства замежных справаў ня зьнізіла сваёй актыўнасьці. У беларускую сталіцу прыехалі ажно тры заходнія дэлегацыі. Ці беларускі ўрад узяў стратэгічны курс на беларусізацыю? Ці прыезд у Менск заходніх дыпляматаў нейкім чынам зьменіць жыцьцё беларусаў? Ці ўлады перастануць выкарыстоўваць дзяцей на сельскагаспадарчых працах? На гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко і аналітык East Center Андрэй Елісееў.

«Судзіць трэба не настаўніц, а Мінадукацыі»

12 ліпеня Маладэчанскі раённы суд вынес вэрдыкт у нашумелай справе аб гібелі на ўборцы бульбы 13-гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні. За сьмерць 8-клясьніцы на 2 гады «хатняй хіміі» асудзілі настаўніц. Дзьвюх выкладчыц прызналі вінаватымі ў неналежным выкананьні абавязкаў, якое прывяло да сьмерці вучаніцы. Ці настаўніцы сапраўды вінаватыя, альбо яны сталі звычайнымі стрэлачнікамі? Ці гэты трагічны выпадак спыніць практыку прымусовай дзіцячай працы на калгасных палях?

Андрэй Елісееў: Настаўніцы, вядома, вінаватыя, бо выканалі сумнеўны з прававога пункту гледжаньня загад везьці дзяцей на палявыя працы, а таксама не запэўнілі ім бясьпеку. Але ў большай ступені яны проста стрэлачнікі, выканаўцы. Бо везьлі падлеткаў на працы не з уласнай ініцыятывы, а па загадзе дырэктара, а апошні рабіў гэта на загад аддзела адукацыі. А ўжо мясцовыя аддзелы адукацыі спускаюць на школы ўсякія разнарадкі і загады зь Міністэрства адукацыі. Гэта тычыцца ня толькі выкарыстаньня дзяцей на розных працах, а напрыклад і прымусовай падпіскі настаўнікаў на розныя газэты – за свае грошы. Вось туды, да Міністэрства адукацыі й мусіла весьці расьсьледаваньне. А ў выніку дырэктар школы і старшыня Маладэчанскага аддзелу адукацыі толькі атрымалі вымовы, іх не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

Адказваць у судзе павінны былі службоўцы аж да Міністэрства адукацыі. У парлямэнце мусіла быць створаная адмысловая камісія па так званых добраахвотна-прымусовых практыках, якія спускаюцца зьверху. У грамадзтве і настаўніцкай супольнасьці павінна была адбыцца вялікая дыскусія на гэты конт. Аднак нічога гэтага не было, а значыць і практыка ўсялякіх незаконных загадаў зьверху ня спыніцца, проста рабіць будуць асьцярожней.

Патрэбныя не заклікі, а новыя законы пра мову і пра беларусаў замежжа

15 ліпеня ў Менску адкрыўся VII Зьезд беларусаў сьвету. На яго зьехаліся беларусы з больш як 20 краінаў. На форуме выступіў мінстар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Ён заклікаў беларусаў сьвету, якія не падтрымліваюць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, абʼяднацца з уладамі дзеля ўмацаваньня незалежнасьці Радзімы. «Мы павінны ад мэнталітэту супрацьстаяньня перайсьці да мэнталітэту партнэрства», – заявіў Макей. Ці заклікі Ўладзімера Макея сьведчаць пра незваротныя перамены ў палітыцы Менска? Ці ўлады не заменяць беларусізацыю на прывычныя рэпрэсіі, калі эканамічная сытуацыя палепшыцца й яны будуць адчуваць сябе больш упэўнена?

Андрэй Елісееў: Апрача прыгожай рыторыкі і невялікіх сымбалічных акцый з вышыванкамі, ніякіх значных пераменаў у дзяржаўнай палітыцы што да моўнай сытуацыі не адбываецца. Беларускай мовы й нацыянальнага кантэнту не стала болей на тэлеканалах. У сфэры адукацыі беларускай мовы становіцца ўсё меней. Беларускія чыноўнікі, за рэдкім выключэньнем, не прамаўляюць па-беларуску. Таму ніякай палітыкі беларусізацыі, па вялікім рахунку, няма.

Што да самога выступу Макея на зьезьдзе – то нічога дзіўнага ў ім няма, бо акурат Міністэрства замежных справаў – гэта асноўны дзяржаўны орган, які апякуецца дыяспарнай палітыкай. А яна ў Беларусі надзвычай слабая. Прыняты ў 2014 годзе закон аб дыяспары такі бяззубы й кволы, што сам па сабе сытуацыю не зьмяніў. Прадстаўнікам дыяспары не дазволілі нават атрымліваць таньнейшыя візы ці прыяжджаць на Бацькаўшчыну бязь візаў. Лепшым сьведчаньнем разумнейшай дыяспарнай палітыкі маглі б стаць рэальныя заканадаўчыя зьмены ў гэтай сфэры.

Эўразьвяз не жадае, каб Расея паглынула Беларусь

18 і 19 ліпеня Беларусь наведалі адразу тры заходнія дэлегацыі. У Менск прыехаў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Беларусь наведалі прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў Нямеччыны й Францыі, адказныя за Ўсходнюю Эўропу. Акрамя таго, у Менск прыехалі пяцёра прадстаўнікоў Эўрапейскага парлямэнту. У чым прычына такой папулярнасьці Менска сярод заходніх палітыкаў і дыпляматаў? Якіх вынікаў можна чакаць ад гэтых сустрэчаў?

Андрэй Елісееў: Вядома, усе гэтыя візыты рыхтаваліся не адзін месяц і так сталася, што прайшліся яны прыблізна на адзін пэрыяд часу. Але праўда, што дыялёг Беларусі з эўрапейскімі краінамі й міжнароднымі арганізацыямі пасоўваецца даволі актыўна. І прычынам таму – у пажаданьнях абодвух бакоў. Беларускім уладам карціць палепшыць палітычныя і эканамічныя адносіны з Эўразьвязам, а ЭЗ праводзіць болей праграматычную палітыку – у тым ліку з геапалітычных меркаваньняў. Іншымі словамі, не хоча, каб Беларусь беспаваротна стала сатэлітам Расеі і імкнецца разьвіваць дачыненьні з краінай.

Расісцкіх стэрэатыпаў шмат, але злачынстваў нямнога

Сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя Гарвардзкім унівэрсытэтам у рамках дасьледаваньня Project Implicit, разбураюць меркаваньне пра талерантнасьць беларусаў. Па ўзроўню нэгатыўнага стаўленьня а прадстаўнікоў іншых расаў Беларусь апынулася на трэцім месцы ў Эўропе – пасьля Чэхіі і Летувы. Ці зьяўляецца расізм праблемай у Беларусі? Калі ўзровень непрыязьні такі высокі, то чаму ў Беларусі не чутно пра злачынствы на падставе расавай ці іншай нецярпімасьці?

Андрэй Елісееў: Гэты праект выяўляў акурат схаваныя, няяўныя думкі людзей што да іншых нацыянальнасьцяў ці гендэру. Вядома, часта людзі не хочуць казаць нешта ўголас. Адказваючы на наўпроставае пытаньне пра стаўленьне да чорных людзей, нехта можа сказаць, што яно аднолькавае да ўсіх і не залежыць ад колеру скуры. Але хутка выбіраючы асацыяцыі пра белых і чорных людзей (напрыклад, адказваючы, з людзьмі якога колеру скуры яму асацыюецца чысты альбо брудны, непрыгожы альбо прыгожы чалавек) навукоўцы могуць выявіць непрыхільныя меркаваньні, пра якія звычайна не паведамляюць.

Уласна такі мэтад засьведчыў, што беларусы маюць даволі шмат расавых стэрэатыпаў. Падкрэсьлю, тут гаворка збольшага пра стэрэатыпы, і яны не абавязкова мусяць сьведчыць пра агрэсіўнае стаўленьне ў рэальнасьці. Злачынствы з нацыянальных падставаў у Беларусі здараюцца, напрыклад, пра канфліктныя сытуацыі з туркмэнскімі студэнтамі паведамлялася неаднаразова. Трэба яшчэ мець на ўвазе, што ў Беларусі вельмі мала замежных турыстаў і людзей іншага колеру скуры. Таму і стэрэатыпаў шмат, і адпаведных злачынстваў ня вельмі многа.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт