Logo Polskiego Radia
Print

Мэр Варшавы ведала пра ход рэпрыватызацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.06.2017 14:39
Былы высокапастаўлены чыноўнік ратушы даў паказаньні ў адмысловай камісіі.
pixabay.com/domena publiczna

У Польшчы працягваецца сьледзтва, зьвязанае з махінацыямі падчас рэпрыватызацыі – вяртаньня адабранай маёмасьці ўладальнікам або (часьцей за ўсё) іх юрыдычным прадстаўнікам, гэтак званым пакупнікам правоў на нерухомую маёмасьць.

Надоечы паказаньні ў адмысловай камісіі даваў былы высокапастаўлены чыноўнік варшаўскай ратушы Марцін Байко (Marcin Bajko). Яго словы сьведчаць аб тым, што мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц ведала пра тое, якім чынам адбываецца рэпрыватызацыя і што ёсьць парушэньні – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita».

«Цягам 10 гадоў я 605 разоў прадстаўляў даклады на тэму рэпрыватызацыі. Мэр мела поўную інфармацыю на гэты конт», – заявіў Байко. Гэты важны сьведак адзначыў, што Гранкевіч-Вальц выдала «дабро» на высяленьне школы з будынку на вуліцы Твардай, паколькі нерухомасьць павінна была быць перададзеная гандляру правамі на нерухомую маёмасьць.

Сама мэр Варшавы адмовілася даваць паказаньні ў камісіі, паколькі, на яе думку, камісія зьяўляецца «неканстытуцыйным органам». За гэта яна атрымала штраф – 6 тыс. злотых. Мэр патрабуе, каб справай заняўся Вышэйшы адміністрацыйны суд. На што старшыня камісіі прадстаўнік міністэрства юстыцыі Патрык Які заявіў, што такім чынам яна ігнаруе рашэньні паўнамоцных дзяржаўных органаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт