Logo Polskiego Radia
Print

Крайне правыя едуць у Вугоршчыну

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.06.2017 09:06
Краіна Віктара Орбана прыцягвае эўрапейскіх правых радыкалаў.
flickr.com

Урад Віктара Орбана дэпартаваў трое ультраправых актывістаў, якія паходзяць зь Нямеччыны й Вялікабрытаніі. Адзін зь іх зьбег з радзімы за абвярганьне Галакосту, паведамляе „Газэта Выборча”.

Гаворка ідзе пра 81-гадовага Горста Малера (Horst Mahler), які з-за праблемаў са здароўем часова выйшаў зь нямецкай турмы, дзе адбываў пакараньне 10 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што хваліў Гітлера й ставіў пад сумнеў злачынствы, зьдзейсьненыя немцамі. У красавіку ён напісаў заяву, што зьяжджае за мяжу й ня думае вяртацца за краты. Краінай, якую выбраў Малер, была Вугоршчына. Ён зьвярнуўся да Орбана з просьбай прадаставіць палітычны прытулак. Але не атрымаў.

Падобны лёс, гэта значыць дэпартацыя, сустрэў дваіх грамадзян Вялікабрытаніі, якія ў Вугоршчыне вырашылі стварыць Эўрапейскі цэнтар крайне правых. У сакавіку яны зладзілі форум, на які зьехаліся нэанацысты. Адзін з арганізатараў форуму заявіў, што ён вырашыў пасяліцца ў Вугоршчыне таму, што паважае палітыку Орбана. Ён меў на ўвазе ўзьвядзеньне плоту на мяжы з мэтай не дапусьціць імігрантаў, і сьцьвердзіў, што інакш чым краіны Захаду Вугоршчына не зьбіраецца зьдзяйсьняць «нацыянальны суіцыд».

Вугорскія публіцысты зьедліва камэнтуюць, што самі ўлады запрашаюць экстрэмістаў. Журналісты нагадваюць словы Орбана, які ў звароце да народу ў лютым сказаў: «Замест адчыняць межы для імігрантаў з Блізкага Ўсходу й Афрыкі трэба Вугоршчыне прымаць сапраўдных уцекачоў - немцаў, галяндцаў, італьянцаў і французаў, якія тут знаходзяць сапраўдную Эўропу, якую згубілі на радзіме».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт