Польшча адмаўляецца прымаць чачэнцаў, і нават суд не дапамог
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.06.2017 15:54
Эўрапейскі суд па правах чалавека хацеў паўстрымаць дэпартацыю чачэнца з Польшчы.
www.pixabay.com
Польшча ня выканала рашэньня Эўрапейскага суда па правах чалавека, якое стрымлівала дэпартацыю чачэнца – чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”. Суд 8 чэрвеня выдаў часовае распараджэньне, што стрымлівала дэпартацыю чачэнца, якому на Радзіме пагражаюць катаваньні. Дзяржава, якая ня выканае такога распараджэньня, парушае канвэнцыю па правах чалавека, супраць яе можа пачацца працэс у Страсбурскім судзе, а ён можа накласьці штраф на такую краіну.
Дакумэнт суду рэкамэндуе Польшчы толькі разгледзіць справу іншаземца, а не прызнаць яму статус уцекача. Дадзены грамадзянін Расеі, па нацыянальнасьці чачэнец, 27 разоў спрабаваў падаць заяву на статус уцекача ў Польшчы на кантрольна-прапускным пункце ў Цярэспалі. Кожны раз польскія памежнікі адсылалі яго назад у Берасьце.
Пра сытуацыю гэтага чалавека паведаміла ў Эўрапейскі суд па правах чалавека яго ўпаўнаважаная адвакат Сыльвія Грэгорчык-Абрам, якая выслала ў суд факс з дакумэнтацыяй мужчыны, дзе пацьвярджаецца, што ён зьяўляецца ахвярай перасьледу і катаваньня. Рашэньне суду было гатовае некалькімі гадзінамі пазьней. Польскае МЗС атрымала яго каля 11 гадзіны польскага часу. Мужчына якраз знаходзіўся ў Цярэспалі, але яго і так адправілі назад у Беларусь. Міністэрства ўскладвае віну на іншаземца, маўляў, ён сказаў, што намераны ехаць далей у Нямеччыну, і не згадваў, што шукае міжнароднай аховы. У гэта ня вераць адвакаты.
Польшча павінна выконваць рашэньні суду – адзначае намесьнік амбудсмэна Сыльвія Спурэк. Інакш краіна будзе мець рэпутацыю дзяржавы, у якой правы чалавека выконваюцца толькі тэарэтычна.
Gazeta Wyborcza/нг