Немцы і французы змагаюцца з сацыяльным дэмпінгам
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
31.05.2017 13:52
Так у багатых краінах называюць, між іншым, нізкую мінімальную зарплату ў некаторых краінах Эўразьвязу.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Нямеччына ды Францыя рыхтуюцца да наступленьня на фронце барацьбы з гэтак званым сацыяльным дэмпінгам. Так у багатых краінах ЭЗ называюць, між іншым, нізкую мінімальную зарплату ў некаторых краінах Эўразьвязу – чытаем у «Dziennik Gazeta Prawna». Бэрлін скарыстаецца новымі юрыдычнымі экспэртызамі, якія павінны пераканаць Эўракамісію ўвесьці агульныя нормы ў галіне мінімалкі. Калі немцам і французам удасца дабіцца адпаведных рашэньняў, гэта некарысна адаб’ецца на польскіх фірмах, якія аказваюць паслугі на эўрапейскім рынку. Гаворка ідзе, між іншым, пра кіроўцаў польскіх фураў, якія зарабляюць значна менш, чым іх нямецкія і францускія калегі і таму зьяўляюцца для іх сур’ёзнай канкурэнцыяй.
Сацыяльны дэмпінг – гэта тэма, якая цікавіць грамадзтвы, паколькі ён назіраюцца тут, на месцы, а не ў нейкай далёкай фабрыцы на канцы сьвету, дзе людзі атрымліваюць нізкія зарплаты. Але гэта не адзіная зьява, якую можна назваць дэмпінгавай, і якая нэгатыўна ўплывае на адзіны эўрапейскі рынак. Напрыклад, існуе таксама падатковы дэмпінг. У некаторых краінах Эўропы стаўкі падатку для прадпрыемстваў намнога ніжэйшыя, чым у іншых. Можна прывесьці прыклад Мальты, Люксэмбургу, Ірляндыі ці Галяндыі.
Ёсьць таксама іншыя заганы адзінага рынку, чым толькі падаткі і зарплаты. Сур’ёзнай праблемай зьяўляецца неабгрунтаваная розьніца ў падыходзе эўрапейскіх органаў да прадпрыемстваў са «старога» і «новага» Зьвязу. Штрафы за злоўжываньне дамінуючай пазыцыяй на рынку атрымалі прыкладна столькі ж фірмаў са старога і новага Эўразьвязу, нягледзячы на вялікія розьніцы ў эканамічным патэнцыяле. Акрамя таго, прадпрыемствы са старых краін ЭЗ часьцей атрымлівалі толькі рэкамэндацыі, а не штраф.
Dziennik Gazeta Prawna/нг