Logo Polskiego Radia
Print

Сярод сьмяротных ахвяр тэракту ў Манчэстэры ёсьць як мінімум двое палякаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.05.2017 13:38
Атака тэрарыста-сьмяротніка стала прычынай сьмерці 22 чалавек, пераважна дзяцей і моладзі.
PAP/EPA/ANDY RAIN

Сярод сьмяротных ахвяр тэрарыстычнага акту ў брытанскім Манчэстэры ёсьць як мінімум двое палякаў, адзін польскі грамадзянін паранены. Нагадаем, у выніку выбуху, зьдзейсьненага тэрарыстам-сьмяротнікам, загінулі 22 асобы, каля 60 атрымалі раненьні.

Атака на маладых людзей, якія прыйшлі паслухаць канцэрт амэрыканскай сьпявачкі Арыяны Грандэ, была самай крывавай у Вялікабрытаніі за апошнія 12 гадоў. Замах на стадыёне «Манчэстэр Арэна» зьдзейсьніў, паводле неафіцыйнай інфармацыі, 22-гадовы Салман Абэдзі, зьвязаны з «Аль-Каідай». У арганізацыі тэракту прызналася «Ісламская дзяржава». Асоба сьмертніка была ўстаноўлена паводле знойдзенай на месцы выбуху банкаўскай карты.

Бомба ўзарвалася, калі канцэрт ужо закончыўся, а гледачы выходзілі са стадыёну. У выбуховай прыладзе былі цьвікі і шрубы. Гэта азначае, што тэрарыст хацеў забіць і параніць як мага большую колькасьць людзей. Тэракт закрануў таксама польскіх грамадзян. Сярод забітых ёсьць як мінімум двое палякаў, а адзін чалавек ляжыць у шпіталі з раненьнямі. Гаворыць Якуб Ваўжыняк з прэс-бюро польскага Міністэрства замежных спраў.

Я. Ваўжыняк: Брытанская паліцыя пацьвердзіла, што сярод ахвяр тэракту ў Манчэстэры ёсьць двое польскіх грамадзян, а адзін быў паранены. Мы выказваем глыбокія спачуваньні сваякам ахвяр. Нашы консулы зьвязаліся з сем’ямі ахвяр і аказваюць ім неабходную дапамогу. Таксама польскае консульства зьвязалася з параненым палякам і яго блізкімі.

«Мы сталі ахвярай бяздушнай тэрарыстычнай атакі, адной з самых жорсткіх у нашай гісторыі. Мы зробім усё магчымае, каб знайсьці адказных за гэтае злачынства», – заявіла пасьля здарэньня прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй. Мясцовыя палітычныя партыі прыпынілі выбарчую кампанію перад парлямэнцкімі выбарамі, заплянаванымі на 8 чэрвеня. Немагчыма зразумець, як можна ўзарваць бомбу ў месцы, дзе поўна не дарослых і не ворагаў, а нявінных дзяцей ды моладзі. Сярод ахвяр пераважаюць вельмі маладыя людзі ва ўзросьце 15-17 гадоў, паколькі яны прыйшлі на канцэрт сваёй любімай выканаўцы. «Гэта жахлівы і агідны акт баязьліўца», – адзначыла Тэрэза Мэй.

Т. Мэй: Усе тэрарыстычныя атакі – гэта акты баязьлівасьці супраць нявінных людзей, але гэты тэракт адрозьніваецца ад іншых. Гэта жахлівы ды агідны акт баязьліўцаў супраць нявінных, безабаронных дзяцей і моладзі, якія ў гэтую ноч павінны радавацца. Я на дадзены момант магу сказаць, што загінулі 22 асобы, а 59 атрымалі раненьні.

Калі прагучаў выбух, сярод публікі пачалася паніка. Таму да канца цяжка сказаць, колькі людзей загінула ад выбуху, а колькі былі затаптаныя на сьмерць. Параненых дастаўлялі ў шэсьць бальніц Манчэстэру. Бацькі ў роспачы шукалі сваіх дзяцей, якія не адклікаліся пасьля канцэрту, у сацсетках сваякі разьмяшчалі здымкі з заклікамі паведаміць хоць нешта пра блізкіх людзей. Тэракт вельмі хутка асудзіла брытанская Мусульманская ліга, якая заявіла, што тэрарыста дасягне справядлівасьць, калі не ў гэтым жыцьці, то ў наступным. На месца трагедыі неадкладна прыбыла брытанская прэм’ер-міністар, а сёньня польская прэм’ер Бэата Шыдла і міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяр. Яны таксама ўсклалі кветкі каля амбасады Вялікабрытаніі ў Варшаве.

Польскія палітыкі часта падкрэсьліваюць, што Польшча на фоне іншых эўрапейскіх дзяржаў, асабліва заходніх, зьяўляецца выключна спакойнай і бясьпечнай краінай. Тым ня менш, палякі езьдзяць па сьвеце, і таму часам яны становяцца ахвярамі тэрактаў. Немагчыма поўнасьцю выключыць рызыку замаху, але можна яе абмежаваць, – кажа дарадчык польскага прэзыдэнта прафэсар Анджэй Зыбэртовіч.

А. Зыбэртовіч: Па-першае, калі мы прымаем мігрантаў, трэба выбіраць прадстаўнікоў тых культур, якія лепш асымілююцца з культурай дзяржавы, якая іх прымае. Па-другое, прапорцыя, колькасьць імігрантаў павінна быць на столькі малая, каб яны маглі прыстасавацца да грамадзтва, якое іх прымае. Каб гэта не была вялікая лічба, якая магла б выклікаць расстройства структуры мясцовага грамадзтва.

У Вялікабрытанію паступалі ўчора словы спачуваньня і падтрымкі з усяго сьвету, у тым ліку з Польшчы. У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША заявіў, што ён ня хоча называць зьдзяйсьняльнікаў такіх атак монстрамі, бо яны гэтага хацелі бы. «Не, яны прайграўшыя», – адзначыў Дональд Трамп. Арыяна Грандэ, на канцэрт якой прыйшлі ахвяры тэракту, напісала, што ў яе няма словаў, каб выразіць боль пасьля трагедыі. Яна адмяніла свой бліжэйшы канцэрт, які заплянаваны быў на чацьвер у Лёндане.

ІАР ПР/нг
нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт