Эканоміка стала галоўнай тэмай перамоваў прэзыдэнта Анджэя Дуды, які знаходзіцца з афіцыйным візытам у Этыёпіі. У сталіцы афрыканскай краіны галава польскай дзяржавы сустрэўся з прэзыдэнтам ды прэм’ер-міністрам Этыёпіі, прыняў удзел у сумесным бізнэс-форуме і наведаў фабрыку польскіх трактароў.
У эўрапейскіх краінах існуе яшчэ стэрэатыпнае бачаньне Афрыкі – вельмі беднага рэгіёну, дзе пануе голад, беспрацоўе і прымітыўныя ўмовы жыцьця. Але гэта хутка мяняецца. Афрыканскі кантынэнт паступова становіцца вельмі пэрспэктыўным месцам для інвэстыцый і супрацоўніцтва, хаця, зразумела, краіны Афрыкі вельмі розныя.
Важнейшая мэта візыту прэзыдэнта ў Этыёпію – прасоўваньне польскіх прадпрыемстваў на мясцовым рынку. Пра гэта Анджэй Дуда казаў падчас учарашняга наведваньня фабрыкі па зборцы польскіх трактароў Урсус у этыёпскім горадзе Адама. Па словах Анджэя Дуды, польскія фірмы павінны шукаць магчымасьці інвэставаньня ў афрыканскіх краінах.
А. Дуда: Гэта вялізныя дзяржавы зь вялікім патэнцыялам, як тая ж Этыёпія, якая цяпер вельмі хутка разьвіваецца. Міністэрства замежных спраў нават прыняло праграму для польскага бізнэсу пад назовам «Go Africa». Тут вельмі пэрспэктыўныя рынкі збыту, на якія варта ўвайсьці.
Этыёпская фабрыка ў Адаме супрацоўнічае з польскім Урсусам ужо тры гады. Мясцовыя рабочыя зьбіраюць каля 500 трактароў у год. Машыны купляюць мясцовыя фэрмэры. Трактары выкарыстоўваюцца перш за ўсё ў вытворчасьці цукру, малочных прадуктаў ды збожжа. Старшыня завода Урсус Караль Зарайчык адзначае, што ў афрыканскай эканоміцы дамінуе сельская гаспадарка, таму гэта найлепшае месца продажу польскіх трактароў.
К. Зарайчык: Рэгіён Усходняй Афрыкі прадстаўляе сабою самыя ўраджайныя землі. Згодна аналізам сусьветнгх арганізацый, цягам бліжэйшых 15 гадоў тут прадбачваецца вельмі дынамічнае разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, вытворчасьці прадуктаў харчаваньня. Такім чынам неўзабаве Афрыка стане жытніцай сьвету.
На фабрыцы па зборцы трактароў у Адаме працуе каля 800 чалавек. Адзін з кіраўнікоў фабрыкі Хата Муакуя кажа, што афрыканскія фэрмэры задаволеныя польскімі трактарамі.
Х. Муакуя: Гэта сапраўды добрыя трактары. Нашы фэрмэры вельмі іх хваляць, кажуць, што яны лепшыя, чым тыя, якімі карысталіся раней.
Кантракт польскага прадпрыемства з афрыканскай фабрыкай па зборцы трактароў заканчваецца ў гэтым годзе. Таму кіраўніцтва Урсуса зьвярнулася з просьбаю да прэзыдэнта, каб у часе візыту ў Этыёпію ён наведаў фабрыку і падтрымаў імкненьне палякаў працягнуць дамову. Анджэй Дуда падчас візыту на фабрыцы нагадаў, што Урсус каціруецца на біржы.
А. Дуда: Урсус зьяўляецца біржавай кампаніяй, яго акцыі каціруюцца на Варшаўскай біржы каштоўных папер. Гэта важнае польскае прадпрыемства, якое ўжо некалькі гадоў таму вырашыла пачаць экспансію на рынкі дзяржаў афрыканскага кантынэнту.
У рамках візыту Анджэй Дуда наведаў таксама мясцовасьць Алентэна, дзе польскія манашкі заснавалі дзіцячы садок і пачатковую школу, якая лічыцца цяпер адной з самых прэстыжных вучэбных устаноў дадзенага тыпу. Тут вучыцца больш за 400 дзяцей, у пераважнай большасьці зь бедных сем’яў, гаворыць сястра Анна.
Сястра Анна: Гэта дзеці з Алентэны, якая зьяўляецца малым гарадком. У нас вучацца дзеці зь вельмі розных сем’яў, але большасьць вельмі бедныя. У нас таксама вучыцца каля дваццаці дзяцей, заражаных вірусам ВІЧ. Так што мы даем магчымасьць вучыцца ўсім, хто жадае.
Школу часткова фінансуе польскае МЗС. Тут вучацца дзеці розных веравызнаньняў – праваслаўныя, каталіцкія, а таксама мусульманскія.
Сёньня ў сталіцы Этыёпіі Адыс-Абэбе прэзыдэнт Анджэй Дуда ўдзельнічае ў польска-этыёпскім эканамічным форуме. Анджэя Дуду суправаджае вялікая група польскіх прадпрымальнікаў. Галава польскай дзяржавы атрымаў таксама падтрымку Этыёпіі ў стараньнях Польшчы стаць непастаянным сябрам Рады бясьпекі ААН. Падтрымка афрыканскіх краін у дадзеным пытаньні – гэта адна з мэтаў падарожжа Анджэя Дуды ў Афрыку. Пасьля сустрэчы з Дудам прэзыдэнт Этыёпіі Муляту Тэшомэ заявіў:
М. Тэшомэ: У такіх справах падтрымка вымяраецца інтэнсіўнасьцю кантактаў паміж дзяржавамі. Адносіны паміж нашымі краінамі дазваляюць нам пазытыўна адказаць на просьбу аказаць падтрымку Польшчы. Мы ўжо зрабілі першыя крокі па гэтым пытаньні праз дыпляматычныя каналы.
У сваю чаргу прэзыдэнт Дуда нагадаў, што будзе старацца атрымаць падтрымку для Этыёпіі ад іншых афрыканскіх краін на форуме Афрыканскага зьвязу ў Адыс-Абэбе.
IAR/нг/фота PAP Leszek Szymańaki