Logo Polskiego Radia
Print

Смаленская катастрофа: Варшава абвінаваціла расейскіх дыспэтчараў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.04.2017 14:41
Яны маглі наўмысна справакаваць крушэньне прэзыдэнцкага авіялайнэра – заявіла Генэральная пракуратура Польшчы.
PAP/Jacek Turczyk

Польская пракуратура прад’явіла двум расейскім авіядыспэтчарам і «трэцяй асобе, якая знаходзілася ў дыспэтчарскай вежы» абвінавачаньні ў тым што яны наўмысна справакавалі катастрофу польскага прэзыдэнцкага лайнэра ў красавіку 2010 году пад Смаленскам. Пра гэта піша газэта Rzeczpospolita.

«Аналіз базы доказаў, сабранай раней, а таксама новыя факты, адкрытыя падчас сьледзтва, дазволілі пракурорам сфармуляваць новыя абвінавачаньні ў стасунку да авіядыспэтчараў, грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама трэцяй асобы, якая знаходзілася ў дыспэтчарскай кабіне», – заявіў намесьнік генэральнага пракурора Польшчы Марэк Пасёнэк.

Пракурор паінфармаваў, што Варшава ўжо зьвярнулася ў Маскву з просьбай аб прававой дапамозе і папрасіла ўлады Расейскай Фэдэрацыі прад’явіць абвінавачаньні дыспэтчарам, а таксама праслухаць іх у прысутнасьці польскіх пракурораў.

На адмысловай прэс-канфэрэнцыі Генэральная пракуратура Польшчы пведаміла журналістам пра ход расьсьледаваньня авіякатастрофы, у якой загінулі прэзыдэнт Лех Качыньскі, прадстаўнікі ўраду й вайсковага камандаваньня Польшчы. Пракуратура зьвярнула ўвагу на шматлікія парушэньні, дапушчаныя расейскімі экспэртамі. Эксгумацыя паказала, што целы 5 ахвяраў былі пахаваныя не ў сваіх магілах, а ў некаторых магілах знаходзіліся фрагмэнты целаў адразу некалькіх людзей. Польская пракуратура заявіла, што ёй удалося прыцягнуць да расьсьледаваньня крыміналістычныя лябараторыі з Вялікабрытаніі, Гішпаніі ды Італіі.

rp.pl/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт