Некалькі беларусаў пацярпелі ў выніку бойкі, якая ўзьнікла на канцэрце гурту «Дай дарогу!» ў варшаўскім клюбе MAKULATURA. Канцэрт, які распачаўся ўвечары 25 сакавіка, быў сарваны. Пецярых беларускіх наведвальнікаў канцэрту затрымала паліцыя. Як сьцьвярджаюць беларусы, інцыдэнт быў справакаваны неадэкватнымі дзеяньнямі аховы.
Са словаў аднаго з удзельніка інцыдэнту Данілы, канфлікт пачаўся пасьля таго, як мэнэджэр клюбу заўважыў, што ён мае набытае па-за клюбам піва й запатрабаваў хлопца пакінуць памяшканьне. Малады чалавек дапамагаў арганізатарам канцэрту. Пасьля кароткай спрэчкі ён пагадзіўся, але вырашыў спачатку перадаць арганізатару спэцыяльна набытыя для імпрэзы фэервэркі. Калі Даніла выходзіў з клюбу, у памяшканьне ўварвалася ахова. Дзеяньні аховы былі абсалютна неадэкватнымі – сьцьвярджае хлопец.
Даніла: У тыя хвіліны, калі я ўжо падыходзіў, каб перадаць фэервэркі, мэнэджэр пабег да аховы. Ахова пачала да мяне чапляцца. Я не супраціўляўся, сказаў, што ўжо выходжу, толькі прасіў перадаць фэервэркі. Мой сябра папрасіў ахоўнікаў не ўжываць сілу. А яны проста накінуліся на яго і ўтраіх пачалі біць. Дзяўчына майго сябра спрабавала разьняць бойку, а яны павалілі на зямлю дзяўчыну й пачалі біць яе нагамі. А пасьля нехта з гэтых ахоўнікаў распыліў ва ўсім клюбе газ.
Канцэрт гурту «Дай дарогу!» быў сарваны. Ахова выклікала паліцыю й абвінаваціла беларусаў у парушэньні грамадзкага парадку. Паліцыянты затрымалі пецярых чалавек, на якіх указалі ахоўнікі, і адвезьлі іх у пастарунак. Як сьцьвярджае Даніла, тэст на алькаголь паказаў, што ніводзін з затрыманых не быў у стане ап’яненьня, а некаторыя ўвогуле не ўжывалі алькаголю.
Гасьцей канцэрту асабліва абурыла тое, што падчас бойкі нехта з ахоўнікаў выкрыкнуў «białoruska szmata» (у вольным перакладзе – «беларуская прастытутка»). Публіка абурылася яшчэ й з-за таго, што інцыдэнт з удзелам аховы клюбу й паліцыі адбыўся 25 сакавіка – у дзень калі ў Менску міліцыя жорстка разагнала акцыю пратэсту й затрымала сотні чалавек.
Беларусы заявілі, што намераныя адстойваць сваю правату ў судзе й прыцягнуць адміністрацыю ды ахову клюбу да адказнасьці. Яны зафіксавалі сьляды забіцьця й далі паказаньні паліцыі – кажа адзін з пацярпелых ад дзеяньняў аховы Антон.
Антон: Будзе суд, але калі – яшчэ невядома. Трэба бузе прынесьці яшчэ пэўныя паперы. Я б хацеў, каб клюб перш за ўсё вярнуў мне грошы, якія я патраціў на фіксацыю пабояў у судмэдэкспэрта. Яны сапраўды павіныя нешта прыдумаць, каб мяне гэта задаволіла!
Супрацоўнікі клюбу MAKULATURA паабяцалі, што неўзабаве выдадуць афіцыйную заяву. У тэлефоннай размове прадстаўнік клюбу выразіў шкадаваньне з прычыны інцыдэнту і заявіў, што клюб гатовы вырашыць канфлікт як мага больш мірным шляхам.
Прадстаўнік клюбу: Мы размаўлялі з арганізатарамі канцэрту, а цяпер чакаем, пакуль мы разам напішам супольную заяву. Мы апублікуем яе пад постам канцэрту на нашай старонцы ў сацыяльных сетках […]. З асобамі, якія пацярпелі, мы таксама ўжо паразмаўлялі й прыйшлі да згоды.
Прадстаўнік клюбу прызнаў, што падчас бойкі маглі гучаць абразьлівыя словы ў стасунку да беларусаў, але заявіў, што публіка таксама абражала ахову: крычала «псы Лукашэнкі», «агенты КДБ» й «расейскія сьвіньні». Удзельнікі інцыдэнту Антон і Даніла заявілі, што такіх выкрыкаў не памятаюць.
Канфлікты з удзелам беларусаў у польскай сталіцы здараюцца надзвычай рэдка – кажа старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Магчыма, самым значным інцыдэнтам была бойка паміж аматарскай футбольнай камандай беларусаў і камандай аднаго з раёнаў Варшавы, якая адбылася ў жніўні 2012 году. Аднак выпадкі, падобныя гэтаму ці нядаўняй бойкі ў клюбе – яўнае выключэньне, кажа Алесь Зарэмбюк.
Алесь Зарэмбюк: Я б не казаў, што ў польскім грамадзтве ёсьць нейкі кепскі стасунак да беларусаў. Нядаўні інцыдэнт трэба разглядаць хутчэй у рэчышчы побытавага канфлікту, якія ня быў скіраваны супраць беларусаў. Гэта проста эмоцыі, стрэс, які б адбыўся ў такой сытуацыі з прадстаўнікамі любых нацыяў. Сытуацыя, безумоўна, прыкрая. Нацыянальныя абразы не павінныя мець месца, але ў Польшчы беларусы ўжываюцца з палякамі вельмі мірна.
Беларусы, якія пацярпелі ад рук аховы варшаўскага клюбу, кажуць, што іх шанцы выйграць судовы працэс вельмі высокія. Пры гэтым адміністрацыя клюбу MAKULATURA заяўляе, што не жадае абвастраць канфлікт.
Аляксандар Папко