Канец адлігі ў польска-беларускіх кантактах
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
22.03.2017 13:03
Лукашэнка заявіў пра затрыманьні баевікоў, якія рыхтавалі правакацыі. Грошы ішлі праз Польшчу і Летуву.
www.pixabay.com
Адліга ў польска-беларускіх адносінах закончылася. Улады Беларусі зрабілі сэрыю варожых жэстаў у напрамку заходняга суседа – чытаем у выданьні «Dziennik Gazeta Prawna».
У сьледчыя ізалятары трапілі некалькі супрацоўнікаў Белсату, улады рыхтуюць русыфікацыю польскіх школ. А Лукашэнка абвінаваціў Варшаву ў фінансаваньні правакацыі з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі.
Падчас візыту ў Магілёў Лукашэнка ўчора заявіў, што некалькі гадзін раней былі затрыманыя некалькі дзесяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыйныя дзеяньні з выкарыстаньнем зброі. Грошы быццам бы ішлі праз Польшчу і Летуву. Ягоныя словы сугучныя з заявамі беларускай прапаганды, якая мяркуе, што пратэсты супраць «Дэкрэту аб дармаедах» зьвязаныя з актыўнасьцю анархістаў і людзей, якія маюць баявы досьвед на Данбасе.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў 247 чалавек, якія былі затрыманыя, атрымалі штрафы або трапілі пад іншыя рэпрэсіі. Сярод іх – трое журналістаў Белсату. Скандалам назваў затрыманьні старшыня Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.
Беларускія палякі занепакоеныя таксама плянамі русыфікацыі школ нацыянальных меншасьцяў. Над зьменамі працуе Мінадукацыі. Іронія лёсу – нядаўна польскае МЗС хвалілася падпісаньнем новай адукацыйнай дамовай зь Беларусяй.
Для Лукашэнкі самае важнае – захаваць палітычную сыстэму. Калі пратэсты ахапілі ўсю краіну, улады пачалі закручваць гайкі, не зважаючы на тое, як гэта паўплывае на адносіны з Захадам. Пры гэтым афіцыйны Менск працягвае перамовы з расейскім бокам, каб зьмякчыць двухбаковы канфлікт. Учора ў Расею адправіўся віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка на перамовы аб энэргетычных пытаньнях.
Dziennik Gazeta Prawna/нг