У Варшаве абмяркоўваюць польска-ўкраінскі дыялёг
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
15.03.2017 15:45
-
польска-ўкраінскі дыялёг.mp3
Польскую сталіцу наведвае з афіцыйным візытам міністар замежных спраў Украіны Паўла Клімкін.
Foto: PAP/Paweł Supernak
У праграме - сустрэчы з прэзыдэнтам ды міністрам замежных спраў Польшчы.
Галоўнай тэмай візыту кіраўніка ўкраінскай дыпляматыі ў польскую сталіцу стала паглыбленьне польска-ўкраінскага дыялёгу. Спачатку гэтае пытаньне ўкраінскі міністар замежных спраў абмяркоўваў з польскім кіраўнікоў МЗС Вітальдам Вашчыкоўскім. Сустрэча адбылася ў каралеўскім палацы ў Лазенкоўскім парку. За сустрэчай назіраў карэспандэнт Польскага радыё Пётр Пагажэльскі.
Пётр Пагажэльскі: Міністры папярэднім разам бачыліся два тыдні таму ў Кіеве, калі Вітальд Вашчыкоўскі наведаў украінскую сталіцу разам з брытанскім кіраўніком дыпляматыі Барысам Джонсанам. У зьвязку з гэтым размовы тычыліся шырэйшага кантэксту эўрапейскіх спраў ды вырашэньня расейска-украінскага канфлікту. Гэтым разам у Варшаве міністры размаўляюць пра двухбаковыя адносіны, у тым ліку пра спыненьне правакацый з абодвух бакоў мяжы. Ідзецца пра ганьбаваньне польскіх ды ўкраінскіх помнікаў ды могілак.
Апошнім часам павялічылася колькасьць нападаў ды актаў вандалізму ў дачыненьні да польскіх помнікаў ва Ўкраіне ды ўкраінскіх у Польшчы. Улады памежнай Львоўскай вобласьці заявілі, што за гэтым стаяць расейскія спэцслужбы, якія хочуць правакацыямі пагоршыць адносіны паміж Кіевам ды Варшавай. Падрабязнасьці перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Кіеве Павэл Бушка.
Павэл Бушка: Кіраўнік Львоўскай вобласьці заявіў, што антыпольскія акты вандалізму – гэта правакацыі расейскіх спэцслужбаў. Такой правакацыяй стала ганьбаваньня польскіх месцаў памяці ў Падкамені ды Львове. Яшчэ адна акцыя мела быць на польска-ўкраінскай мяжы, але ўкраінскія ўлады змаглі нэўтралізаваць правакатараў. Паліцыя затрымала аўтобус з праплочанымі псэўдаманіфэстантамі, мэтай якіх было паказаць кепскае стаўленьне ўкраінцаў да палякаў. Пазьней гэтую справу мелі разадзьмуць расейскія СМІ.
Каб спыніць растучую варожасьць польскі ды ўкраінскі бок ладзяць у Варшаве ў рамках візыту два важныя мерапрыемствы. Упершыню за апошнія тры гады ў Варшаве ладзіцца польска-ўкраінскі форум «Партнэрства». Апроч таго, украінскі міністар заплянаваў узяць удзел ва ўрачыстым адкрыцьці ў цэнтры польскай сталіцы сквэра імя ўкраінскага дысыдэнта Васіля Стуса. Гэтыя намеры агучыў украінскі амбасадар у Польшчы Андрэй Дэшчыца.
Андрэй Дэшчыца: Гэта двухбаковы візыт, каб падтрымліваць дыялёг на ўзроўні міністраў замежных спраў, каб абмеркаваць супрацу паміж нашымі краінамі, а таксама ў рамках ЭЗ. І прыняць удзел у польска-ўкраінскім форуме «Партнэрства» ды адкрыць сквэр імя ўкраінскага дысыдэнта ў Варшаве.
Да візыту ўкраінскага міністра ў Варшаве прымеркавалі правядзеньне фотавыставы, якая прысьвечаная тэме ўнутраных уцекачоў ва Ўкраіне. У выніку анэксіі Крыма Расеяй ды вайны на Данбасе 1,6 млн украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Мэта выставы, як і візыту, нагадаць Польшчы ды Эўропе пра Ўкраіну.
Юры Ліхтаровіч