Logo Polskiego Radia
Print

73 гады таму ўкраінская дывізія СС “Галічына” забіла каля тысячы палякаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.02.2017 14:50
  • Гута Пяняцка.mp3
Разьню ў Гуце Пяняцкай перажылі ўсяго каля 160 чалавек. Раней вёска налічвала каля тысячы жыхароў.
Photo:PAP/Darek Delmanowicz

У Гуце Пяняцкай у Львоўскай вобласьці прайшлі ўрачыстасьці ў памяць аб паляках, забітых у 1944 годзе жаўнерамі ўкраінскай дывізіі СС “Галічына”. Мерапрыемства адбылося ля адноўленага ўкраінскім бокам крыжа, які ў студзені бягучага году ўзарвалі невядомыя вандалы.

Мінае 73 гады з моманту злачынства ў Гуце Пяняцкай (Huta Pieniacka) ля Львова ва Ўкраіне. 28 лютага 1944 году падразьдзяленьні СС “Галічына” і ўкраінскія нацыяналісты забілі ў гэтай вёсцы, паводле розных ацэнкаў, ад 700 да 1300 палякаў і габрэяў, якія там хаваліся. Гута Пяняцка была поўнасьцю разбураная. Сярод ахвяраў злачынства былі таксама жыхары навакольных вёсак і бежанцы з Падольля й Валыні, якія пакідалі свае дамы, уцякаючы ад хвалі насільля з боку ўкраінскіх нацыяналістаў.

Пасьля злачынства ў Гуце Пяняцкай у жывых засталіся ўсяго каля 160 чалавек. Раней вёска налічвала каля тысячы жыхароў. Ян Нівіньскі (Jan Niwiński), які падчас разьні на Валыні камандаваў польскай самаабаронай у вёсцы Рыбча (Rybcza) так пасьля многіх гадоў успамінаў абставіны пагрому.

Ян Нівіньскі: Тое, што адбылося ў Гуце Пяняцкай, гэта можна сказаць элемэнт ланцуга падзеяў. Яны пабачылі, што мы арганізаваныя і ўзброеныя, то адступілі й паехалі ў Вішнявец (Wiśniowiec), дзе забілі ўсіх палякаў. Адтуль яны накіраваліся ў Малую Беразовіцу (Berezowica Mała), далей на чарзе была Гута Пяняцка, Карасьцятын (Korościatyn), Камень і г.д.

Паводле сьведкаў, жыхароў Гуты Пяняцкай загналі ў будынкі й жыўцом спалілі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстралялі.

Яніна Бэрнацка (Janina Bernacka) 28 лютага 1944 году страціла ўсю сям'ю. Яна зьбегла з гумна, у якім яе разам зь іншымі сваякамі зачынілі жаўнеры СС “Галічына”. Яна 8 гадзінаў ляжала ў сьнезе, робячы выгляд мёртвай.

Яніна Бэрнацка: Яны прыходзілі, выбіралі спачатку старэйшых людзей зь дзецьмі й выводзілі з хаты. Пазьней нас, маладых, завялі ў такое буйное гумно. Пачалі страляць. Я упала ў сьнег і так ляжала.

У дзень пагрому Францішаку Банкоўскаму (Franciszek Bąkowski) было 7 гадоў. Раніцай маці паслала яго й брата да суседкі.

Францішак Банкоўскі: Яна выйшла з трымя дзецьмі. Самае малодшае трымала на руках. Ну, і нас дваіх таксама выгналі. І тады жаўнер сказаў: «Маці, ты схавайся назад з гэтымі дзецьмі!». Паколькі ён казаў па-польску, я падазраю, што ў гэтай дывізіі СС “Галічына” служылі таксама сылезцы.

Украінцы ўпершыню папрасілі прабачэньня за злачынства, зьдзейсьненае ў Гуце Пяняцкай, у 2005 годзе падчас цырымоніі адкрыцьця помніка забітым у 1944 годзе палякам. 4 гады пазьней, падчас 65-й гадавіны пагрому, ля помніка сустрэліся прэзыдэнты Польшчы і Ўкраіны Лех Качыньскі й Віктар Юшчанка. Прэзыдэнт Качыньскі заявіў тады, што трагедыя на Валыні не адбылася б, калі б не тагачасная трагічная рэчаіснасьць.

Лех Качыньскі: Мы зьбіраемся тут, каб у голас сказаць, што такая трагедыя ня можа ніколі паўтарыцца. Што ніколі больш мы, палякі і ўкраінцы, не паўстанем адзін супраць аднаго.

Тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка назваў падзеі ў Гуце Пяняцкай адным з найбольш жорсткіх момантаў у гісторыі чалавецтва. Ён пагадзіўся са словамі Леха Качыньскага, што трэба памятаць ня толькі пра трагічную гісторыю, але й пра тое, як з таго часу памяняліся Польшча і Ўкраіна.

Віктар Юшчанка: Нягледзячы на нашу гісторыю й жорсткасьць Другой сусьветнай вайны, я глыбока перакананы, што ўкраінец назаўжды працягнуў руку паляку ў знак дружбы й зразуменьня. Я таксама глыбока перакананы ў тым, што ня можа быць свабодным паляк без свабоднага ўкраінца й ня можа быць свабодным украінец без свабоднага паляка.

За некалькі дзён да пагрому, 23 лютага 1944 году, у Гуту Пяняцку з разьведвальнай мэтай прыбыло 4-ае падразьдзяленьне СС “Галічына”. Палякі, падазраваючы, што маюць справу з пераапранутымі жаўнерамі ЎПА (Украінскай паўстанчай арміі), напалі на іх, забіваючы двух жаўнераў. Даведаўшыся пра гэта, немцы накіравалі ў вёску карную экспэдыцыю.

Трагедыя ў Гуце Пяняцкай – гэта выключна адна з трагічных падзеяў, якія адбыліся ў рамках валынскага злачынства, то бок масавых акцыяў украінскіх нацыяналістаў, накіраваных супраць польскага насельніцтва. Хваля гэтай варожасьці дасягнула кульмінацыйнага моманту ў 1943 годзе.

Па сёньняшні дзень гісторыкам цяжка вызначыць дакладную колькасьць ахвяраў злачынства, паколькі многія вёскі былі зраўнаныя з зямлёй. Тым ня менш, адмыслоўцы ацэньваюць, што падчас праведзеных на Валыні акцыяў былі забітыя каля 60 тысяч палякаў.

Тым часам Гута Пяняцка й ейная трагічная гісторыя зноў вяртаецца на старонкі газэтаў і ў СМІ ў Польшчы. На пачатку студзеня ўстаноўлены ў 2005 годзе помнік забітым у 1944 годзе палякам быў разбураны вандаламі.

Неадкладна пасьля выяўленьня гэтага акту вандалізму прадстаўнікі Польшчы і Ўкраіны заявілі пра рэканструкцыю мамумэнта. Сёлетнія ўрачыстасьці ў памяць аб забітых паляках прайшлі ўжо ля адноўленага помніка.

Неўзабаве пасьля гэтая вандалы апаганілі польскія ваенныя могілкі ў пасёлку Быкоўня на прадмесьцях Кіева.

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski) у размове са сваім украінскім калегам Паўлам Клімкіным папрасіў уважліва расьсьледаваць абодва акты вандалізму. Клімкін запэўніў, што зробіць усё магчымае па гэтай справе й падкрэсьліў, што ўкраінскі ўрад асуджае гэтыя інцыдэнты.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт