Польшча значна скараціла пэнсіі супрацоўнікаў служб ПНР
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
02.02.2017 17:18
Паліцыянты, якія хоць адзін дзень працавалі ў ПНР, будуць вымушаныя выжыць на мінімальную пэнсію.
Грамадзянская міліцыя ПНР/Wikipedia
Парлямэнт абвастрыў скарачэньні пэнсій і сацыяльнай дапамогі па інваліднасьці для былых супрацоўнікаў камуністычных службаў. Закон падпісаў прэзыдэнт Анджэй Дуда.
Акрамя гэтага, для супрацоўнікаў службаў у час ПНР законам вызначаецца максымальная пэнсія - ня больш за 2 тысячы злотых ($500)- мінус падаткі, і максымальная пэнсія па інваліднасьці – 1,5 тысячы ($375) мінус падаткі. Новыя правілы пазбаўляюць магчымасьці падвысіць пэнсію на 15% (як цяпер), калі паліцыянт стаў інвалідам на службе. Таксама адмяняецца павялічэньне пэнсіі на 2% за кожны год службы ў цяжкіх умовах. Гэта адносіцца вадалазаў, асоб, якія фізычна змагаліся супраць тэрарызму, экіпажаў самалётаў і верталётаў ды караблёў, а таксама парашутыстаў і сапёраў.
Паліцыянты абураюцца. Кожны функцыянэр, які набыў правы пэнсіянэра ў камуністычны час, з 1 сакавіка атрымае 730 злотых чыстымі ($180), нягледзячы на стаж працы, пасаду й заслугі.
«Некаторыя пойдуць у суд», – кажа кіраўнік прафсаюзу паліцыянтаў Мацей Дзергас. "Няхай незалежныя суды вырашаюць, ці радыкальныя скарачэньні юрыдычна дапушчальныя", - кажа ён.
Gazeta Wyborcza/яс