Logo Polskiego Radia
Print

27 студзеня - Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.01.2017 15:44
  • Auschwitz.mp3
У гэты дзень у 1945 годзе салдаты Чырвонай арміі вызвалілі каля 7 тыс. вязьняў канцлягеру Аўшвіц-Біркэнаў.
Былыя вязьні канцлягеру прыбылі на ўрачыстасьці ў АўшвіцБылыя вязьні канцлягеру прыбылі на ўрачыстасьці ў АўшвіцPAP/Andrzej Grygiel

72 гады таму быў вызвалены нямецкі канцэнтрацыйны лягер у польскім горадзе Асьвенцім (Аўшвіц-Біркэнаў). 27 студзеня 1945 году салдаты Чырвонай арміі вызвалілі каля 7 тысяч вязьняў у стане крайняга зьнясіленьня. Сярод іх было прыкладна 500 дзяцей.

Аўшвіц быў самым буйным месцам пакутніцтва і Галакосту ў часы Другой сусьветнай вайны. За яго мурамі загінула каля аднаго мільёна ста тысяч людзей, галоўным чынам габрэйскай нацыянальнасьці, але таксама палякаў, цыганоў і савецкіх ваеннапалонных. Сярод ахвяр было шмат жанчын і дзяцей.

У пятніцу ў Асьвенціме адбываюцца ўрачыстасьці адзначэньня гадавіны вызваленьня канцлягеру, у якіх удзельнічаюць былыя вязьні, іх сваякі, супрацоўнікі музэю. У Асьвенцім прыбылі афіцыйныя дэлегацыі з Расеі ды Ізраіля, а таксама прэм’ер-міністар польскага ўраду Бэата Шыдла.

У 12-ым блёку адкарытая выстава пад назваю «Археалёгія», на якой паказаная частка з 16 тысяч прадметаў, знойдзеных падчас археалягічных прац каля газавай камэры ў Біркэнаў. Прадметы даюць нам нейкае прадстаўленьне пра вязьняў, – гаворыць віцэ-дырэктар музэя Анджэй Кацожык.

А. Кацожык: Тут, напрыклад, бачым вока цацкі – лялькі. І можам сабе ўявіць, што гэтую ляльку нясла нейкая дзяўчынка, хутчэй за ўсё габрэйская, калі яе, разам з мамай, вялі ў камэру.

Прэм’ер-міністар Бэата Шыдла адзначыла сёньня ў сваёй прамове, што самыя важныя задачы, якія стаяць перад намі – захаваць памяць і праўду пра тое, які быў страшны лёс людзей у канцлягеры. Іншыя людзі адабралі ў іх усё, што гуманнае, нават цяжка падабраць словы, каб апісаць гэтае зло. Тое, што адбывалася ў Аўшвіц-Біркэнаў, было жахлівым, няўяўным злом, – казала кіраўнік польскага ўраду.

Б. Шыдла: Я хачу, каб сёньня ў гэтым месцы сьмерці, прагучаў яшчэ раз голас: усё, што здарылася ў нямецкім канцлягеры, гэта было зло: каварнае, жорсткае, якое немагчыма сабе ўявіць. Зло можна перамагчы толькі дабром. Памяць і праўда – гэта нашы задачы, гэта зброя супраць зла. І гэтую праўду неабходна ўголас распавядаць.

Тыя, хто прайшоў праз гэтае пекла, стараюцца ўдзельнічаць ва ўрачыстасьцях гадавіны вызваленьня. Былы вязень канцлягеру Тадэвуш Сабалевіч казаў некалькі гадоў таму, што яго вельмі цікавяць сустрэчы з маладым пакаленьнем, каб моладзь зрабіла высновы і не паўтарыла памылак чалавецтва, якія давялі да вайны.

Т. Сабалевіч: Сустрэчы з жывымі яшчэ сьведкамі, а іх усё менш у жывых, гэта вельмі каштоўны і патрэбны вопыт. Мяне цешыць, што так многа маладых людзей прыяжджае ўбачыць музэй Аўшвіц-Біркэнаў. Паверце мне, людзі вельмі цешацца, што жывуць у мірныя часы. Але мір не дадзены нам раз на заўсёды, за мір трэба змагацца, паколькі на сьвеце заўсёды ёсьць безадказныя людзі.

Цягам дзесяткаў гадоў усе ведалі, хто быў аўтарам Галакосту – ідэі сьцерці габрэяў з твару Зямлі. Вядома было, хто будаваў канцлягеры, хто забіваў – нямецкія фашысты. Але цяпер гэтая праўда часта прыхоўваецца, гісторыя вайны пераглядаецца. Напрыклад, заходнія СМІ даволі часта карыстаюцца фармуліроўкай «польскія лягеры сьмерці». Меркаваньнем аднаго з аўтараў кнігі «Дабранач, Аўшвіц» Мацея Зьдзярскага, часам так адбываецца з-за няведаньня, але здараецца, што гэта мэтанакіраваная дзейнасьць. Калі гаворка ідзе пра амэрыканскія СМІ, то можна дапусьціць, што аўтары выказваньняў пра «польскія лягеры сьмерці» маглі проста ня ведаць гісторыю, але як патлумачыць, калі гэтыя словы паяўляюцца ў эўрапейскіх, а тым больш нямецкіх газэтах. Польшча павінна рашуча рэагаваць на кожны выпадак – адзначае Мацей Зьдзярскі.

М. Зьдзярскі: Існуе падазрэньне, што выкарыстаньне гэтай фармуліроўкі, быццам бы памылковае, гэта мэтанакіраванае дзеяньне. Наш абавязак – рэагаваць на кожны такі выпадак. Польскае грамадзтва рэзка рэагуе на прыклады таптаньня гістарычнай праўды, аб чым сьведчыць акцыя пратэсту карыстальнікаў інтэрнэту ў адказ на тое, што нямецкае тэлебачаньне ZDF, якое прайграла судовы працэс з палякам Каролем Тэндэрай, замясьціла словы прабачэньня за «польскія лягеры сьмерці» у самым далёкім кутку свайго інтэрнэт-сайта. Гэта быў важны прысуд, паколькі суд заявіў, што выкарыстаньне такіх фармуліровак ня толькі зьяўляецца няпраўдай, але парушае асабістую годнасьць былых вязьняў.

У гадавіну вызваленьня Аўшвіц-Біркэнаў, 27 студзеня, на сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. Дзень быў устаноўлены ААН у 2005 годзе дзеля ўшанаваньня памяці асобаў габрэйскага паходжаньня, забітых немцамі ў часы вайны. Яго мэта – адукацыя грамадзтва, каб генацыд стаў перасьцярогай перад нянавісьцю, расізмам і прадузятасьцю.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт