Прэм'ер-міністар Латвіі Марыс Кучынскіс (Māris Kučinskis) пабывае з аднадзённым візытам у Варшаву. Кіраўнік латвійскага ўраду сустракаецца, між іншым, з прэм'ер-міністрам Бэатай Шыдла, а таксама іншымі прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Польшчы.
Свой візыт у Польшчу Марыс Кучынскіс пачаў ад удзелу ў адкрыцьці Эканамічнага форуму Польшча-Латвія. Мерапрыемства прысьвечанае, галоўным чынам, супрацоўніцтву ў галіне інфармацыйных тэхналёгій, транспарту й лягістыкі.
Марыс Кучынскіс адзначыў, што ў сфэры бізнэсу Латвія можа запрапанаваць сапраўды шмат.
Марыс Кучынскіс: Гаворка ідзе пра кампаніі з ІТ-сэктара. У нас таксама вельмі добрае заканадаўства для стартапаў. Мы таксама зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Польшчай у галіне лягістыкі й транспарту, асабліва гаворка ідзе пра праект Rail Baltica.
Кінга Рась (Kinga Raś) з Польскага інстытута міжнародных спраў падкрэсьлівае, што Польшча – гэта важны гандлёвы партнэр Латвіі. Супрацоўніцтва пашыраецца галоўным чынам у галіне электратэхнікі й харчовых прадуктаў.
Кінга Рась: Перш за ўсё, гаворка ідзе пра электратэхніку, а таксама гандаль прадуктамі харчаваньня.
Экспэртка дадае, што Польшча й Латвія робяць стаўку, перш за ўсё, на рэгіянальнае супрацоўніцтва.
Кінга Рась: Кантакты паміж Польшчай і Латвіяй цягам апошніх гадоў пашыраюцца, у тым ліку таксама ў рэгіянальным аспэкце. Расьце інтэнсіўнасьць супрацы ў энэргетычнай галіне. Гаворка ідзе пра праекты ў галіне інфраструктуры. Дарэчы, Польшча наогул больш актыўная ў рэгіёне Балтыйскага мора.
Інэсэ Шульжанока (Inese Šulżanoka) з Агенцтва разьвіцьця й інвэстыцыі Латвіі лічыць, што частка польскіх кампаній успрымае Рыгу ў якасьці адпраўной кропкі для далейшага разьвіцьця свайго бізнэсу ў рэгіёне.
Інэсэ Шульжанока: Усё, што паходзіць з Латвіі, лічыцца добрай якасьці, таму польскія кампаніі маглі дасягнуць посьпеху дзякуючы таму, што свой гандлёвы аддзел заснавалі менавіта ў Латвіі.
Гандлёвыя абароты паміж Польшчай і Латвіяй пасьля трох кварталаў 2016 году склалі 1 мільярд 217 мільёнаў эўра. За гэты час Польшча экспартавала тавараў на суму больш за 979,5 мільёна эўра й імпартавала на суму амаль 237, 5 мільёна эўра.
Прэм’ер Бэата Шыдла яшчэ перад сустрэчай са сваім латвійскім калегам падкрэсьліла, што галоўнай тэмай размоваў будзе двухбаковае супрацоўніцтва, а таксама міжнародныя пытаньні.
Бэата Шыдла: Мы будзем размаўляць пра найважнейшыя справы, якія ў цяперашні час датычаць Эўразьвязу. Гаворка ідзе, між іншым, пра неабходныя зьмены й рэформы, наступствы выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу. Значная ўвага будзе нададзеная таксама справам, зьвязаным зь бясьпекай.
Гаворка ідзе перш за ўсё пра бясьпеку ў рэгіёне ў кантэксьце рэалізацыі рашэньняў саміту Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Варшаве. Нагадаем, Латвія зьяўляецца адной з чатырох краін, у якіх будуць разьмешчаныя батальённа-тактычная групы NATO ў рамках умацаваньня гэтак званага ўсходняга флянгу альянсу.
У мінулым годзе, на ліпеньскім саміце NATO ў Варшаве, было прынятае рашэньне, што на тэрыторыі Польшчы й трох краін Балтыі будуць разьмешчаныя чатыры батальённа-тактычная групы. Групай у Латвіі будзе камандаваць Канада, у Польшчы - ЗША. У цяперашні час праходзіць рэалізацыя пастановаў саміту.
Апрача таго, у парадку дня візыту кіраўніка латвійскага ўраду ў Польшчу стаяць пытаньні, датычныя пагрозы з боку Расеі й супрацы зь Беларусьсю і Ўкраінай, у тым ліку ў рамках Усходняга партнэрства. Адной з тэмаў двухбаковых адносінаў зьяўляецца справа адукацыі польскай меншасьці ў Латвіі.
Нагадаем, больш за 2% насельніцтва Латвіі - гэта прадстаўнікі польскай меншасьці. Польская абшчына ў гэтай краіне зьяўляецца чацьвёртай па велічыні пасьля расейскай, беларускай і ўкраінскай меншасьцяў.
Важнай тэмай размоваў зьяўляецца таксама супрацоўніцтва ў галіне транспарту, у тым ліку праекты Rail Baltica, Via Baltica і супрацоўніцтва ў фармаце „Краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы – Кітай”.
Кіраўнічка польскага ўраду пабывала ў Латвіі ў лістападзе мінулага году. Акрамя сустрэчаў з прадстаўнікамі латвійскага ўраду, Бэата Шыдла прыняла ўдзел у саміце 16 краін Цэнтральнай Эўропы й Кітая, які быў прысьвечаны супрацоўніцтву краін рэгіёну з Пэкінам.
аз