Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь гатовая прымаць уцекачоў, выдаленых з Эўрапейскага Зьвязу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.01.2017 13:56
Дзякуючы пагадненьню з Эўрапейскім Зьвязам Менск неўзабаве зможа падпісаць дамову аб рэадмісіі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

«Gazeta Wyborcza» піша, што Беларусь згадзілася прыняць уцекачоў, якіх выдаляюць з Эўразьвязу. Першым пра гэта паведаміла на мінулым тыдні нямецкае выданьне «Tageszeitung», якое напісала, што ЭЗ прызначыць 7 млн. даляраў на збудаваньне або мадэрнізацыю цэнтраў для ўцекачоў у Беларусі, якія прымуць людзей, дэпартаваных з ЭЗ. Цэнтры прымуць уцекачоў з Сырыі, Украіны, а таксама грамадзян Расеі, якія спрабуюць прабрацца на тэрыторыю Зьвязу.

У суботу гэтую інфармацыю пацьвердзіў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык. Расейскія СМІ крытыкуюць рашэньне Лукашэнкі – маўляў, ён згадзіўся прымаць уцекачоў, каб спадабацца Эўрапейскаму Зьвязу. Аднак афіцыйны Менск пераконвае, што ён згодзіцца прыняць толькі тых людзей, якія ўехалі на тэрыторыю ЭЗ празь Беларусь. А гэта папулярны шлях сярод грамадзян былых савецкіх рэспублік. Як правіла гэта чачэнцы, а таксама ўкраінцы і таджыкі. Гэтыя людзі празь Беларусь трапляюць як правіла ў Польшчу, дзе з кожным годам значна расьце колькасьць асоб, якія падаюць заяву на атрыманьне статуса ўцекача.

На думку палітоляга Валеры Карбалевіча, дзякуючы пагадненьню з Эўрапейскім Зьвязам Менск неўзабаве можа падпісаць дамову аб рэадмісіі. Раней беларускія ўлады адмаўляліся падпісаць дамову аб рэадмісіі – гэта значыць, абавязку прыняць мігрантаў, што трапілі ў ЭЗ зь Беларусі і якіх адтуль выдаляюць. Беларусы тлумачылі гэта высокімі коштамі рэадмісіі.

Калі ЭЗ гатоў часткова фінансаваць гэтыя выдаткі, то такая дамова можа быць хутка падпісана. А адсутнасьць дамовы аб рэадмісіі была галоўнай перашкодай у лібэралізацыі візавага рэжыму для грамадзян Беларусі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт