Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы агулам у выніку гіпатэрміі памерла 76 чалавек

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 12.01.2017 14:59
У апошнія суткі надвор’е памянялася, замест марозу небясьпеку ўяўляюць моцныя сьнегапады.
pixabay.com/Public Domain CC0

У значнай частцы Польшчы дарогі засыпаныя сьнегам, а некаторыя школы адмянілі заняткі.

Тэмпэратура паветра ў цэлай Польшчы стала значна вышэйшай, усё ж яна надалей уяўляе сабой пагрозу для жыцьця і здароўя. У сераду ў Польшчы ў выніку марозу памерлі тры асобы. Пра гэта паінфармаваў Урадавы цэнтар бясьпекі. З пачатку лістапада па прычыне гіпатэрміі памерла 76 чалавек – гаворыць Анна Адамкевіч.

А. Адамкевіч: На жаль, учора ў выніку гіпатэрміі памерлі чарговыя тры асобы. Я думаю, чарговы раз варта нагадаць, што нельга быць абыякавымі, у выпадку патрэбы неабходна званіць пад нумар 112 і інфармаваць адпаведныя службы пра тое, што нехта патрабуе дапамогі. Такі званок можа нават выратаваць нечае жыцьцё.

Дапамагаць бяздомным падчас марозу заклікала Міністэрства ўнутраных спраў. Міністар Марыюш Блашчак адзначыў, што такім асобам дапамагаюць адпаведныя службы, але ім ня справіцца без дапамогі грамадзян.

М. Блашчак: Паліцыя і муніцыпальныя органы асаблівым чынам зьвяртаць увагу на бяздомных у гэты пэрыяд. Але трэба памятаць, што нікога нельга прымусіць пайсьці ў падрыхтаваныя начлежкі. Я зьвяртаюся да ўсіх мінакоў, якія бачаць, што адбываецца нешта дрэннае, каб яны прадпрымалі крокі, інфармавалі пра гэта службы, адказныя за бясьпеку.

Урадавы цэнтар бясьпекі нагадвае, што пагроза сьмерці ў выніку гіпатэрміі тычыцца ня толькі бяздомных асоб. Здараецца, што ахвярамі нізкай тэмпэратуры зьяўляюцца таксама самотныя і хворыя людзі. Мароз асаблівым чынам можа быць небясьпечным для асоб у нецьвярозым стане.

З сёньняшняга дня тэмпературы ў Польшчы значна вышэйшыя, але гэта азначае новыя складанасьці – моцныя сьнегапады. У цэлай краіне выпаў сьнег, у выніку ў многіх рэгіёнах паявіліся праблемы з перамяшчэньнем. І хоць камунальныя службы няспынна ачышчаюць і пасыпаюць дарогі, то праежджыя часткі і так сьлізкія ды пакрытыя сьлякацьцю.

У выніку складаных умоваў надвор’я ў некаторых гарадах на поўначы адкліканыя заняткі ў школах. Так зрабіла, між іншым, гміна Рымань, дзе да школы давозяць 70% дзяцей і моладзі – гаворыць дырэктар школы Гэнрык Громэк.

Г. Громэк: Больш за 70% вучняў не даехала да школы. Плюс частка мясцовых дзяцей. Канешне, гэтая адсутнасьць апраўданая.

Дырэктар дадаў, што бясьпека дзяцей зьяўляецца самай важнай. Аднак ужо ўчора ўмовы на дарогах былі цяжкімі.

Г. Громэк: У некаторых мясцовасьцях умовы не палепшыліся на столькі, каб аўтобус змог даехаць. На дарогах сьлізка, сьлякаць. Нягледзячы на тое, што некаторыя ўчасткі дарог чорныя, то я ўсё ж мяркую, што ня варта рызыкаваць і везьці ў такіх умовах дзяцей.

Паводле прагнозу, у бліжэйшым часе надвор’е не палепшыцца. Інстытут мэтэаралёгіі і воднай гаспадаркі папарэджвае пра завірухі і моцныя сьнегапады.

Зімой пагрозы жыцьцю і здароўю захоўваюцца ня толькі на вуліцах. Урадавы цэнтар бясьпекі нагадвае, што неабходна выконваць рэкамэндацыі, зьвязаныя з хатнім абсталяваньнем і парадкам вакол будынкаў. Уладальнікі будынкаў павінны паклапаціцца, каб ад сьнегу таксама былі ачышчаныя дахі, трэба таксама памятаць пра ледзяшы, якія зьвісаюць з даху. Кожны павінен выкарыстоўваць бясьпечныя абагравальныя сыстэмы і не засланяць вэнтыляцыйныя каналы.

Службы бясьпекі таксама просяць паклапаціцца пра жывёл. Падчас марозу замярзаюць таксама жывёлы. У найбольшай небясьпецы знаходзяцца сабакі на ланцугах. Абаронцы правоў жывёл нагадваюць, што трыманьне сабкі без цёплай буды гэта злачынства.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт