У 2017 годзе польскую дыпляматыю чакаюць сур’ёзныя выпрабаваньні
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.01.2017 09:17
Пытаньне бясьпекі найважнейшае ва ўсіх накірунках польскай замежнай палітыкі.
Photo: pixabay.com
У 2017 годзе перад польскай дыпляматыяй стаіць шмат выклікаў. Тыднёвік „Do Rzeczy” называе найважнейшыя зь іх. Паводле выданьня, самым важным зьяўляецца пытаньне бясьпекі, якое датычыць усіх накірункаў польскай замежнай палітыкі, але перш за ўсё трансатлянтычнага.
У 2017 годзе польскія хаўрусьнікі з NATO павінны рэалізаваць рашэньні, прынятыя падчас самітаў арганізацыі, якія прайшлі ў верасьні 2014 году ва Ўэльсе й ліпені 2016 году ў Варшаве. Рэалізацыя гэтых рашэньняў азначала б, што ў Польшчы часова можа прабываць нават больш за 10 тысяч натаўскіх жаўнераў. Беручы пад увагу ўвесь патэнцыял польскай арміі, гэта нямала.
Пад пытальным знакам у 2017 годзе застаюцца трансатлянтычныя адосіны. З польскага пункту гледжаньня ключавыя дзьве справы. Па-першае, адносіны паміж ЗША й Расеяй. Па-другое, спосаб ажыўленьня польска-амэрыканскіх адносінаў. Шмат сьведчыць пра тое, што польскія ўлады хочуць базавацца ў іх на ваенным супрацоўніцтве.
Наступная справа - гэта адносіны ўнутры Эўразьвязу, у прыватнасьці, кантакты зь Нямеччынай. І тут, паводле камэнтатараў, лёгка ня будзе. Хоць пазыцыі Бэрліна й Варшавы набліжаныя, калі гаворка ідзе пра санкцыі супраць Расеі, то з другога боку, працягваецца спрэчка за „Nord Stream II”.
Польскія ўлады плянуюць надалей шукаць партнэраў, у першую чаргу, эканамічных, далёка на Ўсходзе. Адтуль візыты прадстаўнікоў польскіх уладаў у Кітаі ці Паўднёвай Карэі.
У сваю чаргу, у згоднай ацэнцы камэнтатараў, у адносінах з Расеяй няшмат залежыць ад Польшчы. У кантактах з расейцамі польскі бок павінен паводзіць сябе асьцярожна й разумна, чытаем у тыднёвіку „Do Rzeczy”.
аз