Logo Polskiego Radia
Print

150 тысяч жанчын звольнілася з працы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.12.2016 13:13
Прычына – урадавая праграма фінансавай дапамогі на дзяцей 500+.
Foto: polskieradio.pl

Тэму асьвятляе штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna”.

Выданьне зазначае, што ўрад да апошняга ігнараваў гэтую тэндэнцыю. Лічылася, што гэта адзінкавыя выпадкі. Цяпер жа звальненьні жанчын у сувязі з 500+ сталі фактам, піша выданьне. Гэта вынікае з урадавых статыстык. Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Польшчы апублікавала вынікі дасьледаваньня эканамічнай актыўнасьці палякаў. З дасьледаваньня вынікае, што колькасьць пасіўна занятых на рынку працы вырасла на 150 тысяч чалавек.

Галоўная прычына адмовы ад працы у гэтай групе – “хатнія абавязкі ды ўтрыманьне дома”. Адначасова статыстыка паказвае, што вырасла колькасьць беспрацоўных ва ўзросьце 25-44 гады. Таксама адзіная група, дзе скарачаецца працоўная актыўнасьць -- гэта жанчыны. Разам з тым гэтыя зьмены адбываюцца ва ўмовах агульнага скарачэньня беспрацоўя ў Польшчы. У лістападзе беспрацоўе ўпала да рэкордных 8,2%. Апошні раз такі ўзровень быў у 1991-м годзе, піша выданьне.

Газэта зазначае, што з прыведзеных дадзеных можна зрабіць толькі адну выснову: сыход з працы – гэта вынік праграмы датацый на дзяцей 500+. Міністэрства працы заявіла, што пакуль рана рабіць высновы. У сваю чаргу газэта зазначае, што гэтая тэндэнцыя можа нэгатыўна ўдарыць па эканоміцы, калі яна атрымае сталы характар і закране ня толькі сэктары з найменш платнай ды цяжкай фізычнай працай.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт