Ужо сямнаццаты раз Каталіцкі касьцёл у Польшчы маліўся за католікаў на Ўсходзе. Мэта акцыі, якая заўсёды прыходзіць у другі тыдзень Адвэнту (пост перад Божым нараджэньнем), духоўная й матэрыяльная падтрымка Касьцёла ў краінах Усходняй Эўропы, Расеі й Цэнтральнай Азіі. Падчас Імшаў на гэтую мэту зьбіраліся грашовыя ахвяраваньні.
У варшаўскую базыліку сьв. Крыжа ў гэты дзень прыехаў пінскі біскуп Казімір Вялікаселец. У сваім казаньні ён казаў пра складаную сытуацыю вернікаў у Беларусі пасьля ІІ сусьветнай вайны й пра выключную ролю Імшы ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё.
К. Вялікаселец: Зачынялі, а часамі нават бурылі касьцёлы, сьвятароў садзілі ў турмы ці высылалі ў Сыбір, веруючых людзей перасьледавалі. У той час Імша па радыё была для нас крыніцай веры, яе ўмацаваньнем. У дадзены момант я будую чацьвёрты касьцёл. Я сустракаўся й далей сустракаюся з зычлівасьцю й канкрэтнай дапамогай з боку палякаў.
Словы біскупа Казіміра Велікасельца слухала шмат польскіх католікаў і католікаў з усходніх краін-суседак Польшчы, якія ўдзельнічалі ў Імшы ў базыліцы сьв. Крыжа. Пасьля Імшы вернікі ахвотна складалі ахвяраваньні.
Жанчына: Ксёндз прасіў аб такой дапамозе. Я заўважыла, што людзі шчодра ахвяроўвалі сродкі. Я думаю, што гэта дапаможа шырыць нашу веру, а таксама дапаможа мясцовым вернікам, я вельмі ў гэта веру.
Дзень малітвы за Касьцёл на Ўсходзе быў вызначаны Канфэрэнцыяй эпіскапату Польшчы. У мінулым годзе падчас збору ахвяраваньняў было сабрана амаль 550 тысяч даляраў, якія былі прызначаныя на дабрачынныя мэты й будову храмаў.
У знак падзякі за малітву й канкрэтную матэрыяльную дапамогу ў беларускіх касьцёлах у нядзелю маліліся за польскіх католікаў. Такое рашэньне было прынятае Канфэрэнцыяй каталіцкіх біскупаў. «Ва ўрачыстасьць Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі польскія католікі зьбіраюць ахвяраваньні для дапамогі Касьцёлу на Ўсходзе, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта знак салідарнасьці з нашым Касьцёлам, які тры пакаленьні перажываў жорсткія ганеньні й цяпер адраджаецца. З дапамогай польскіх католікаў рамантуюцца існуючыя касьцёлы й будуюцца новыя, выдаецца рэлігійная літаратура, ажыцьцяўляюцца многія пастырскія праграмы. У знак удзячнасьці за іх ахвяраваньні традыцыйна мы молімся ў іх інтэнцыях у II нядзелю Адвэнту», – гаворыцца ў дакумэнце ККББ.
Мітрапаліт менскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў Польскаму радыё, што ён хацеў бы падзякаваць польскім католікам за ахвяраваньні. Мітрапаліт падкрэсьліў, што беларускаму Касьцёлу фінансавая дапамога надалей патрэбная.Толькі ў Менску Касьцёл атрымаў дзесяць участкаў для будовы храмаў, аднак з-за фінансаў будова ідзе на шасьці зь іх.
Т. Кандрусевіч: Я б хацеў падзякаваць польскаму Касьцёлу, эпіскапату Польшчы за гэту цудоўную ініцыятыву. Мы ўжо некалькі дзясяткаў гадоў атрымліваем гэтую дапамогу. Яна прызначаецца на розныя мэты – на будову касьцёлаў, іх рамонт, на літургічныя прадметы, пакупкі кніжак, пераклады. Гаворачы шырока – на дзейнасьць Касьцёла.
Мітрапаліт дадаў, што за «дабро трэба плаціць дабром», таму ў беларускіх храмах у нядзелю маліліся за ўсіх донараў з Польшчы.
ав