Logo Polskiego Radia
Print

Украіна на мяжы новага канфлікту з Расеяй

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.11.2016 15:58
  • Украіна на мяжы.mp3
“Далейшае разьвіцьцё падзей ва Ўкраіне будзе залежыць ад пазыцыі ЗША”.
Foto: TATYANA ZENKOVICH/PAP/EPA.

У беларускай сталіцы адбыўся чарговы раунд перамоваў “нармандзкай чацьвёркі” па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Па выніках Кіеў ды Масква заявілі, што размовы зайшлі ў тупік. Наадварот, гаворыцца, што паміж Расеяй ды Ўкраінай можа ўзьнікнуць новы віток эскаляцыі, гэтым разам у раёне Крыму.

У Менску завяршылася сустрэча так званай “нармандзкай чацьвёркі”, то бок міністраў замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Украіны ды Расеі. Дыпляматы абмяркоўвалі сытуацыю ў Данбасе, дарожную мапу ўрэгуляваньня канфлікту.

Сустрэча завяршылася безвынікова. Больш за тое, бачна, што сярод удзельнікаў расьце стомленасьць ды незадавальненьне фарматам перамоў. Падрабязнасьці зь Менску перадае карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімір Пац.

Уладзімір Пац: Украінскі міністар замежных спраў Павал Клімкін сказаў, што няма згоды ў важных справах. Размовы будуць працягнуты ў розных фарматаў. У сваю чаргу міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер дадаў, што размовы былі складаныя й што далёка да прыняцьця палітычных рашэньняў у справе Ўкраіны. Францыя ды Нямеччына будуць працягваць дыпляматычныя высілкі, каб дамагчыся рэалізацыі менскіх пагадненьняў. Расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў, што рэалізацыя мірных пагадненьняў у Данбасе зайшла ў тупік. Бакі не змаглі нават узгадніць пасьлядоўнасьць крокаў па ўтрыманьні бясьпекі ды правядзеньні палітычных рэформаў.

Больш жорсткія ацэнкі гучаць у Кіеве. Сярод палітыкаў ды экспэртаў тут запанаваў сапраўдны скептыцызм што да неабходнасьці працягваць перамовы. Гучаць заявы пра тое, што фармат мёртвы, што ён сябе вычарпаў. З Кіеве перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушко.

Павал Бушко: Сустрэча ў Менску была пустой фармальнасьцю - так размовы “нармандзкай чацьвёркі” ацаніў Раман Бясьсьмертных, былы прадстаўнік Украіны ў трохбаковай групе па справах ўрэгуляваньня канфлікту ў Данбасе. Яшчэ больш скептычна сустрэчу ацаніў былі міністар абароны Ўкраіны Анатоль Грыцэнка. Ён назваў сустрэчу “паразай ды стратай часу”. Маўляў, у “нармандзкім фармаце” чуваць гукі расейскай балалайкі. Такая музыка ва Ўкраіне не карыстаецца папулярнасьцю. Грыцэнка заявіў, што фармат перамоваў не працуе, бо за 2 гады бакі не змаглі дамовіцца нават пра спыненьне агню.

Пра растучую напружанасьць паміж Кіевам ды Масквой сьведчыць ня толькі параза перамоў. Сёньня зьявілася інфармацыя пра тое, што Масква наўпрост пагражае Кіеву ракетнымі атакамі. Нібыта такі ліст атрымаў украінскі вайсковы аташэ ў Маскве зь Міністэрства абароны РФ у зьвязку з вайсковымі манэўрамі ды стрэльбамі, што ВМФ Украіны плянуе на Чорным моры. Што праўда ў Крамлі заявілі, што ніякага лісту не было, а прэсавы сакратар Пуціна падкрэсьліў, што гэта ўпершыню чуе й гэта нейкая выдумка. Аднак нельга выключыць эскаляцыі напружаньня ў адносінах паміж Украінай ды Расеяй.

Перамовы ці эскаляцыя? Далейшае разьвіцьцё падзей ва Ўкраіне будзе залежыць ад міжнароднай сытуацыі, перакананы польскі дасьледчык Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы доктар Ежы Таргальскі.

Ежы Таргальскі: Усё будзе залежыць ад рашэньня ЗША, ці яны акажуць адпаведную падтрымку Ўкраіне, ці не. Калі акажуць і Ўкраіна зможа стрымаць Расею, тады там пачнецца працэс інтэграцыі Ўкраіны з сусьветным рынкам. Гэта прывядзе туды міжнародныя канцэрны, а разам зь імі скараціцца ўплыў і значэньне алігархаў. Калі ва Ўкраіне сытуацыя будзе паляпшацца й будзе падтрымка ЗША, то тады Расея ня будзе мець шанцаў на перамогу. Калі ж сытуацыя будзе пагаршацца, то вайна зацягнецца й тады людзі перастануць супраціўляцца.

Сытуацыя ў Данбасе застаецца напружанай, канфлікт не ўрэгуляваны, а Кіеў ды Масква заяўляюць пра тое, што перамоўны фармат вычарпаны. Эўропа ня можа пераканаць ды прымусіць бакі да міру, экспэрт кажа, што далейшая хада падзей будзе залежыць ад пазыцыі ЗША.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт