Logo Polskiego Radia
Print

Фэйсбук забараняе і адмяняе забарону

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.11.2016 15:16
Міжнародны гігант блякаваў профіль польскіх нацыяналістаў за сымбаль Фалянгі.
commons.wikimedia.org

Нацыяналістычныя групоўкі рэгулярна зьмяшчаюць на Фэйсбуку расісцкія тэксты. Яны пярэчаць палітыцы дзейнасьці міжнароднага сацыяльнага парталу, таму профілі гэтых груповак час ад часу блякуюцца або зусім закрываюцца – піша тыднёвае выданьне «Polityka». Пад канец кастрычніка з Фэйсбука былі зьнятыя профілі між іншым арганізацыі Усяпольская моладзь, Нацыянальнага руху ды Маршу незалежнасьці. На гэты раз блякада аказалася выключна балючай, паколькі дзеячы арганізацый усё яшчэ зьбіралі грошы на тое, каб зладзіць 11 лістапада ў Варшаве Марш незалежнасьці, які быў дазволены ўладамі.

Якая была прычына блякіроўкі профілю арганізатараў маршу? На плякаце яны зьмясьцілі знак Фалянгі. Перад вайной яго выкарыстоўваў Нацыянал-радыкальны лягер, у якога былі фашыстоўскія погляды. Характэрны сымбаль рукі зь мячом на Фэйсбуку забаронены па прычыне гістарычнага аднясеньня да мовы нянавісьці. Правыя арганізацыі адрэагавалі на забарону вельмі востра, заклікалі ўлады Польшчы разабрацца зь міжнародным парталам.

Міністар аблічбоўкі Анна Стрэжыньска тлумачыла, што яна ня можа ўзьдзейнічаць на міжнароднага гіганта, але папрасіла кіраўніцтва Фэйсбука сустрэцца з ёю. Рэакцыя партала была даволі хуткай. У канцы канцоў ён вырашыў вярнуць профіль Маршу незалежнасьці і дазволіў выкарыстоўваць плякаты з Фалянгай, паколькі марш быў у Польшчы легальнай падзеяй. Фэйсбук згадзіўся таксама правесьці сустрэчу з прадстаўнікамі заблякаваных арганізацый.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт