Logo Polskiego Radia
Print

Пачаўся другі этап кампаніі #Геніюш2016

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.10.2016 14:51
  • Геніюш.mp3
Мерапрыемства Моладзі БНФ праводзіцца з мэтаю ўшанаваньня памяці паэткі й яе рэабілітацыі.
Ларыса ГеніюшЛарыса ГеніюшЦНБ НАН Беларусі

Пачаўся другі этап кампаніі Моладзі БНФ #Геніюш2016. Акцыя праводзіцца з мэтаю дамагчыся рэабілітацыі добрага імя вялікай беларускай паэткі, дабіцца ўшанаваньня яе памяці, а таксама папулярызацыі творчасьці Геніюш на Радзіме.

Кампанія Моладзі БНФ пачалася яшчэ ў ліпені гэтага году. Спачатку актывісты арганізацыі зьбіралі подпісы за рэабілітацыю паэткі. Пры нагодзе выбарчай кампаніі перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў подпісы можна было зьбіраць свабодна, не рызыкуючы быць затрыманым. А надоечы пачаўся другі этап акцыі – быў высланы ліст да старшыні Зэльвенскага райвыканкаму, – распавядае кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Ю. Лукашэвіч: На першым этапе мы зьбіралі подпісы за рэабілітацыю Л. Геніюш, і зараз працягваем гэта рабіць. А на другім этапе – папулярызацыя творчасьці паэткі, дамагчыся перайменаваньня вуліцы ў яе гонар, усталяваньня помніка і вяртаньня ў школьную праграму. Я напісаў учора ліст старшыні Зэльвінскага райвыканкаму з просьбаю перайменаваць вуліцу, даць статус ганаровага жыхара Геніюш, а таксама правесьці ў вучэбных установах літаратурных чытаньняў ці вечарын памяці. Прапанаваў дапамогу ў арганізацыі, калі яны самі ня змогуць гэта зрабіць. Праз 14 дзён чакаем адказ.

Удалося сабраць ужо больш за тысячу подпісаў пад патрабаваньнем рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Па словах Юрыя Лукашэвіча, людзі як правіла пазытыўна рэагавалі на просьбу паставіць свой подпіс, аднак самая вялікая праблема ў тым, што многія нават нічога ня чулі пра вялікую паэтку, ня ведалі, кім была Геніюш.

Ю. Лукашэвіч: Сабралі 1200-1300 подпісаў. Людзі рэагуюць добра, але праблема ў тым, што многія ня ведаюць, кім была Ларыса Геніюш, ня ведаюць яе знакамітых вершаў, творчасьці. І таму другі этап накіраваны на папулярызацыю яе вершаў, каб яе пачалі чытаць. Паэтку ведаюць шмат дзе ў сьвеце, а на Радзіме яе ня ведаюць, вершаў не друкуюць, у школьнай праграме няма. Наша ўлада – пераемнікі Савецкага Саюза, якія не гатовыя да прызнаньня памылак СССР. І за 20 гадоў яны амаль нічога не зрабілі для разьвіцьця беларускай культуры.

Чаму мала хто ў Беларусі ведае пра Ларысу Геніюш? Нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі яе твораў няма ў абавязковай школьнай праграме, дзяржаўныя СМІ пра яе ня пішуць і не гавораць. Відаць, для беларускіх уладаў праблемнай зьяўляецца бескампрамісная пазыцыя Геніюш, якая да канца жыцьця заставалася беларускай грамадзянкай, хаця ніколі не згадзілася прыняць савецкае грамадзянства, – мяркуе паэт і грамадзкі дзеяч Славамір Адамовіч.

С. Адамовіч: Краінай 22 гады кіруе антыбеларускі рэжым, які не зацікаўлены ў прапагандаваньні свайго і сваіх. А для нас каштоўная перш за ўсё грамадзянская пазыцыя Л. Геніюш. Яна была перш за ўсё грамадзянкай Беларусі. Яна не здавалася, не здраджвала сабе. Ведаеце, што яна ніколі не прыняла савецкага грамадзянства, хаця яе ўгаворвалі. У яе быў велізарны турэмны, лягерны вопыт. У 80-ыя гады мы расчытвалі да дзіркі ўсё, што трапляла пра яе і ейныя тэксты. Я быў тады студэнтам, і пра яе настаўнікі не казалі, апрача А. Лойкі, нашага падпольнага патрыёта, які не баяўся пра Геніюш распавядаць. З нашым сталеньнем вярталіся ў беларускую гісторыю, літаратуру такія аўтары, як Ларыса Геніюш або Алесь Гарун.

Ларыса Геніюш (1910-1983) – беларуская паэтка, пісьменьніца, дзячка нацыянальнага руху. Была арыштаваная 5 сакавіка 1948 году органамі МДБ у Чэхаславаччыне, з кастрычніка 1948 году знаходзілася ў турме ў Менску. 7 лютага 1949 году Ларысу Геніюш асуджаюць на 25 гадоў зьняволеньня паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу БССР нумар 66 i 76. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: «контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасьць» i «дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці».

У 1956 годзе тэрмін пакараньня зьмяншаюць да 8 гадоў, і яе вызваляюць. Пасьля вызваленьня доўгі час творчасьць паэткі была пад забаронай. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш. У свабоднай Беларусі творы Геніюш не былі афіцыйна забаронены, але памяць пра яе замоўчваецца ўладамі. З 2000 году ня быў выдадзены ў краіне ніводзін зборнік творчасьці пісьменьніцы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт