Logo Polskiego Radia
Print

Расею абвінавачваюць у ваенных злачынствах

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.09.2016 15:30
  • Расею абвінавачваюць.mp3
Вострая крытыка дзеяньняў Масквы ў Сырыі прагучала з боку ААН ды заходніх краін.
Фото: DAVID MANYUA/PAP/EPA

Сытуацыя ў Сырыі пагаршаецца. Урадавыя войскі працягваюць налёты на паўстанцаў у Алепа. На днях быў зьнішчаны гуманітарны канвой ААН.

У зьвязку з гэтым у Нью-Ёрку адбылося паседжаньне Рады бясьпекі ААН, прысьвечанае эскаляцыі ваенных дзеяньняў у Сырыі. На гэты паседжаньня прагучалі вельмі вострыя словы ў бок Расеі. Прадстаўнікі шэрагу краін абвінавацілі Маскву ў саўдзеле ў ваенных злачынствах. З Нью-Ёрку перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.

Марэк Валкускі: ЗША заявілі, што расейкія ды сырыйскія войскі за апошнія тры дні правялі больш за 100 налётаў на Алепа. ААН зазначыла, што ў вынікі разбомбленыя шпіталь, школы ды дамы, загінула больш за 200 чалавек. Спэцыяльны прадстаўнік ААН па Сырыі заявіў, што бачыў доказы выкарыстаньня запальных бомб падчас налётаў. Брытанія абвінаваціла Расею ды Сырыю ў выкарыстаньні напалму ды хімічнай зброі ды назвала Расею саўдзельнікам вайсковых злачынствах у Сырыі. Дэклярацыю падтрымала Францыя. На знак пратэсту прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі ды Францыі пакінулі паседжаньне Рады Бясьпекі ААН перад выступам прадстаўніка Сырыі.

Паседжаньне Рады бясьпекі ААН было склікана на просьбу ЗША, Вялікабрытаніі ды Францыі. Гэтыя краіны хочуць паўплываць на Расею, каб Крэмль націснуў на свайго хаўрусьніка Башара Асада, каб той спыніў бамбаваньне Алепа. Амбасадара ЗША пры ААН Саманта Паўэр заявіла, што словы й дзеяньні Масквы разыходзяцца. На словах Расея за мір, а на справе вядзе вайну.

Саманта Паўэр: Сёньня можна быць ўпэўненым у тым, што Расея не кажа праўды, што гэтая краіна ніколі не возьме адказнасьці за свае дзеяньні.

Амэрыканская дыпляматка дадала, што ў Сырыі ніколі ня будзе міру, пакуль Крэмль высылае туды свае войскі пад прыкрыцьцём барацьбы з тэрарызмам.

Саманта Паўэр: Тое, што спансаруе ды робіць Расея, гэта ніякая не барацьба з тэрарызмам, гэта дзікунства.

Амэрыканцаў падтрымалі французы ды брытанцы. Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што бамбаваньне гуманітарнага канвою – гэта клясычнае ваеннае злачынства, сьляды якога вядуць у Расею.

Барыс Джонсан: Пуцінскі рэжым ня толькі ўкладае Асаду ў руку рэвальвэр, але і сам зь яго страляе. Трэба правесьці расьсьледаваньне, наколькі сьвядомым быў выбар цэлі, што яна мае цывільны характар. Калі так, гэта ваеннае злачынства.

Брытанскі міністар заклікаў узмацніць санкцыі ды ціск на Расею. Вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасьці.

Барыс Джонсан: З 2013 году, калі былі парушаныя ўсё “чырвоныя рысы”, не было рашучага ваеннага адказу на гэта. Здаецца й цяпер мала хто хацеў яго даць. Аднак, ёсьць рэчы, на якія расейцы рэагуюць. Яны не хацелі б трапіць на месца падсуднага ў міжнародным трыбунале.

Расейскі бок абвяргае абвінавачаньні заходніх краін ды сырыйскай апазыцыі ў ваенных злачынствах. Міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў выступіў з заклікам правесьці міжнароднае сьледзтва па факце абстрэлу гуманітарнага канвою. Ён зазначыў, што ані расейскія, ані сырыйскія самалёты не маглі яго разбамбіць.

Сяргей Лаўроў: Я лічу, што ня раз агучваліся пагрозы ў дачыненьні да гуманітарных канвояў. Цяпер трэба толькі правесьці сьледзтва. Прасьцей за ўсё паказаць парэшткі бомбаў. Амуніцыя пакажа, хто вінаваты.

Грамадзянская вайна ў Сырыі цягнецца з 2011-га году. За гэты час ад ваенных дзеяньняў загінула больш за 300 тысяч чалавек. Палова жыхароў краіны ўцякла за мяжу.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт