Logo Polskiego Radia
Print

Першыя дэбаты Клінтан-Трамп закончыліся вынікам 1:0

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.09.2016 14:41
Першыя тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША сталі брутальным паядынкам словаў і аргумэнтаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Дэбаты дваіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта самай магутнай дзяржавы на сьвеце глядзелі мільёны тэлегледачоў. Верагодна, ад вынікаў гэтага паядынку залежыць, ці на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША пераможа кандыдатка дэмакратаў Хілары Клінтан, ці кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп. А хто, паводле камэнтатараў, стаў пераможцам дэбатаў?

Першыя тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША сталі брутальным паядынкам словаў і аргумэнтаў, у якім яны нападалі адзін на аднаго і вінавацілі другі бок у хлусьні і маніпуляцыі. Дэбаты прайшлі ва Ўнівэрсытэце Хофстра непадалёк ад Нью-Ёрка і цягнуліся паўтары гадзіны. Тэматыка была прысьвечаная эканамічным пытаньням, а таксама, якім чынам вярнуць росквіт Амэрыцы і гарантаваць бясьпеку яе жыхарам.

І камэнтатары, і тэлегледачы ў пераважнай большасьці ацэньваюць, што Клінтан перамагла Трампа ў гэтым паядынку. Можа нават ня столькі яна перамагла, колькі ён праіграў. Гэтак мяркуе прафэсар, спэцыяліст па амэрыканскіх пытаньнях Зьбігнеў Лявіцкі з Унівэрсытэту кардынала С. Вышыньскага. Калі Трамп думае пра перамогу на выбарах, то ён павінен дасьпець да ролі лідары магутнай дзяржавы, ён павінен быў паказаць, што палітыка – гэта ягоны другі дом. І якраз гэта яму не ўдалося.

З. Лявіцкі: Яму трэба было паказаць, што ён – добры кандыдат у прэзыдэнты, што ён гатоў узяць на сябе гэтую ролю. А Клінтан не прыйшлося столькі даказваць. Адзіная задача, з якой ён неабходна было справіцца – гэта паказаць сваё фізычнае здароўе і сілу. І гэта яна паказала. Заданьнем Трампа было паказаць, што ён – нармальны кандыдат у прэзыдэнты. Гэта ў яго ня выйшла, і таму дэбаты ён прайграў, і верагодней за ўсё прайграе таксама выбары.

Трамп крытыкаваў Клінтан, што яна рыхтавалася да дэбатаў. На што тая адказала: «Так, я рыхтавалася. Але ведаеце, да чаго яшчэ я гатовая? Я гатовая быць прэзыдэнтам». На думку спэцыяліста, Трамп прайграў паядынак менавіта таму, што ня быў падрыхтаваны.

З. Лявіцкі: Гэта, канешне, стыль Трампа – поўны экспромт, але тут ён не спрацаваў. Ён таксама стараўся быць больш спакойным і ветлівым, чым прывыклі бачыць яго амэрыканцы. Зьвярніце ўвагу – ён заўсёды насіў чырвоныя гальштукі, а тут апрануў сіні. Яна ж наадварот прыйшла ў чырвоным касьцюме. Чырвоны – колер агрэсіі ды сілы. І Клінтан была больш рашучай, задавала агрэсіўныя пытаньні, а ён як бы адступаў. І гэта не была ягоная роля.

Зьбігнеў Лявіцкі адзначыў, што ніводзін з кандыдатаў не прадставіў цікавай эканамічнай праграмы, але гэта было ня самае галоўнае ў дэбатах. Галоўнае тое, што яны стануць гістарычнымі, паколькі менавіта гэты паядынак паказаў, хто стане пераможцам на выбарах прэзыдэнта, адзначае камэнтатар.

А якой будзе палітыка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў адносінах да Эўропы, у залежнасьці ад таго, ці пераможа Клінтан, ці Трамп? У прынцыпе, пытаньні Цэнтральна-Усходняй Эўропы асабліва не цікавяць ні аднаго, ні другога кандыдата. У выпадку Трампа агулам невядома, чаго ад яго спадзявацца. І таму нельга сказаць, што адзін кандыдата на многа лепшы, чым другі, – гаворыць публіцыст выданьня ВСеці Віктар Сьветлік.

В. Сьветлік: Гэта крыху выбар паміж чумой і халерай. З аднаго боку Клінтан – яна працягвае лінію групы, якая не была моцна зацікаўленая справамі Ўсходняй Эўропы, а з другога боку Трамп, ад якога невядома чаго чакаць. Найлепш для нашай часткі Эўропы было, калі ЗША кіраваў Рональд Рэйган, гэтую палітыку часткова працягваў таксама Біл Клінтан. Тут гэтага ня бачна. Хаця Клінтан ў дэбатах крыху згадала тэматыку, на маю думку, дзеля таго, каб атрымаць сымпатыю выбарцаў, якія выводзяцца з Усходняй Эўропы. У сваю чаргу ў выказваньнях Трампа не было нічога.

Кандыдаты па-рознаму бачаць замежную палітыку ЗША. Кандыдат рэспубліканцаў намякаў, што саюзьнікі Амэрыкі павінны плаціць за дысьлякацыю на сваёй тэрыторыю амэрыканскіх войскаў. «Мы абараняем Нямеччыну, Паўднёвую Карэю ды іншыя дзяржавы, якія нам нічога за гэта ня плацяць, а павінны. Мы ня можам быць сусьветным паліцыянтам», – адзначыў Трамп. У сваю чаргу Клінтан заявіла, што ЗША намераныя прытрымлівацца сваіх абавязацельстваў адносна хаўрусьнікаў.

Чарговыя сустрэчы Клінтан і Трампа заплянаваныя на 9 і 19 кастрычніка. Выбары прэзыдэнта пройдуць 8 лістапада.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт