Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўлады апрацоўваюць іміграцыйную праграму

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.09.2016 15:26
Яна павінна прымяняцца адносна нацый, якія хутка асымілююцца ў Польшчы – беларусаў, украінцаў ды віетнамцаў.
GotCredit/flickr.com

Плян разьвіцьця краіны, які ў Польшчы называюць плянам Маравецкага, улады намераныя папоўніць праграмай прыцягваньня супрацоўнікаў з Украіны, Беларусі ды Віетнаму на польскі рынак – піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Па словах віцэ-прэм’ера Матэўша Маравецкага, сыстэма прыцягваньня ўкраінцаў на польскі працоўны рынак – гэта вельмі важная апора дэмаграфічнай палітыкі.

Згодна прагнозам, у Польшчы да 2060 года колькасьць асоб у працаздольным узросьце зьменшыцца на 6,7 млн. чалавек. А калі ўлады панізяць пэнсійны ўзрост, то гэта будзе нават 8 млн. чалавек.

Так што краіне патрэбныя працоўныя рукі, але добра было б, каб гэта былі адукаваныя асобы. Маравецкі заявіў нядаўна, што ў «Стратэгіі адказнага разьвіцьця», якая цяпер абмяркоўваецца, павінны быць закладзеныя прынцыпы эфэктыўнай іміграцыйнай палітыкі. Гаворка ідзе пра тры аспэкты: актыўная іміграцыйная палітыка, якая бярэ пад увагу патрэбы рынку працы, праграмы павышэньня кваліфікацыі (скажам, моўнай), супрацоўнікаў, якія ўжо працуюць у Польшчы і спрошчаны шлях міграцыі для тых працаўнікоў, якія маюць адпаведную адукацыю.

Ужо цяпер у Польшчы жыве каля 1 млн. украінцаў, але прыкладна 350 тыс. працуе нелегальна. Калі б усе яны працавалі легальна і плацілі падаткі, то бюджэт мог бы даатрымаць нават 9 млрд. злотых. На думку польскіх прадпрымальнікаў, украінцы ахвотна працуюць, рэдка парушаюць законы, так што гэта найлепшыя імігранты. Такая ж палітыка павінна прымяняцца адносна іншых нацый, якія хутка асымілююцца ў Польшчы – беларусаў і віетнамцаў.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт